Вэтэрынарная служба Латвіі заклікала не набываць хатніх жывёл у Беларусі

Сабака, ілюстрацыйнае фота

Харчова-вэтэрынарная служба Латвіі 17 лютага заклікала жыхароў краіны не набываць сабак, катоў і хатніх тхароў у Беларусі і Расеі.

Як адзначаецца на сайце арганізацыі, папярэджаньне выкліканае тым, што на мінулым тыдні ў Нямеччыне быў пацьверджаны выпадак шаленства ў сабакі, завезенага ў Эўразьвяз з Расеі ў лістападзе 2025 году праз латыскі памежны пункт пропуску. Пры гэтым у жывёлы былі ўсе неабходныя суправаджальныя дакумэнты, уключаючы тэст антыцелаў да шаленства, які пацьвярджае эфэктыўнасьць вакцынацыі.

Вэтслужба паведамляе, што шаленства — небясьпечнае і сьмяротнае захворваньне як для жывёлаў, так і для людзей. Яно мае працяглы інкубацыйны пэрыяд (да 6 месяцаў), цягам якога ў жывёлаў яшчэ не назіраецца клінічных прыкметаў, і яны выглядаюць здаровымі. Таму пры перамяшчэньні жывёлаў кантрольныя службы могуць абапірацца толькі на суправаджальныя дакумэнты, якія павінны гарантаваць, што жывёла вакцынаваная і нікому не пагражае.

У дадзеным выпадку сабаку ўвезьлі ў Нямеччыну ў лістападзе 2025 году, а прыкметы захворваньня і дыягназ паставілі ў лютым 2026-га.

У адпаведнасьці з пастановай Эўракамісіі ад 19 красавіка 2024 году, з 16 верасьня 2024-га для ўвозу на тэрыторыю ЭЗ зь Беларусі і Расеі хатніх сабак, катоў і тхароў трэба паказваць вынікі тэсту на тытраваньне антыцелаў да вірусу шаленства.

Абгрунтаваньнем рашэньня Эўракамісія называла «неаднаразовыя парушэньні, выяўленыя нацыянальнымі ўладамі ў пунктах увозу ў ЭЗ у дачыненьні да хатніх сабак, катоў і тхароў, якія перамяшчаюцца зь Беларусі і Расеі». Такія парушэньні, на думку камісіі, «выклікаюць значныя сумневы адносна пастаяннага і эфэктыўнага прымяненьня і рэалізацыі правілаў прафіляктыкі і барацьбы з шаленствам, гарантаваных кампэтэнтнымі органамі гэтых краінаў, а таксама адносна дакладнасьці афіцыйных сэртыфікатаў, выдадзеных на іх узроўні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскага янота-вандроўніка пасялілі ў парку жывёл пад Баранавічамі


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У двары гімназіі ў Салігорску заўважылі кажаноў. Перад тым яны прагрызьлі з вуліцы ўцяпляльнік пад акном