Паводле ведамства, найбольш людзей пацярпелі ў выніку падзеньняў — 15 177 чалавек, зь іх 3 045 — дзеці. Яшчэ 992 чалавекі (665 дзяцей) атрымалі траўмы падчас катаньня на цюбінгах, лядзянках, санках і іншых забавах. Толькі за мінулыя выходныя па мэдычную дапамогу з прычыны галалёдных траўмаў зьвярнуліся больш за 700 грамадзян.
У Міністэрстве адзначаюць, што пасьля непрацяглай адлігі зіма зноў узмацнілася, і на дарогах магчымыя ўчасткі галалёду, а пад сьнегам можа ўтварацца ледзяны настыл. Галалёдныя і халадовыя траўмы гэтай зімой фіксуюцца як у гарадах, так і ў сельскай мясцовасьці.
Мэдыкі заклікаюць насіць абутак з нясьлізкай падэшвай, рухацца павольна і не трымаць рукі ў кішэнях, пазьбягаць нахіленых сьлізкіх паверхняў і быць уважлівымі ў змроку. У марознае надвор’е рэкамэндуюць апранацца шматслойна, каб зьменшыць рызыку пераахаладжэньня. Людзям сталага веку раяць карыстацца кіёчкам для ўстойлівасьці, жанчынам — адмовіцца ўзімку ад высокіх абцасаў, а бацькам — нагадваць дзецям пра правілы бясьпекі падчас катаньня з горак.
Калі траўмы пазьбегнуць не ўдалося, у ведамстве раяць зьвяртацца ў найбліжэйшы траўмапункт, а ў выпадку сур’ёзных пашкоджаньняў — выклікаць хуткую мэдычную дапамогу для шпіталізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз маразы ў Беларусі павысіліся тарыфы на ацяпленьне, асабліва для «дармаедаў»