Дзень аднаўленьня Літоўскай дзяржавы. Лукашэнка павіншаваў народ, прадстаўнік Ціханоўскай узяў удзел у сьвяткаваньні

Гітанас Наўседа на афіцыйным сьвяткаваньні Дня аднаўленьня Літоўскай дзяржавы, 16 лютага 2026

16 лютага ў Літве адзначаюць дзяржаўнае сьвята — дзень аднаўленьня Літоўскай дзяржавы, якое адлічваюць ад абвяшчэньня Літоўскай дзяржавы 16 лютага 1918 году ва ўмовах нямецкай акупацыі. Гэта адно з трох найбольшых для краіны сьвятаў, зьвязаных з усталяваньнем дзяржаўнасьці і незалежнасьці.

У афіцыйных мерапрыемствах у Вільні ўзяў удзел дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у парлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька, а Аляксандар Лукашэнка павіншаваў з гэтым сьвятам літоўскі народ.

«Літва за гэты час прадэманстравала, што можа зрабіць краіна і народ, якія вераць у сябе і імкнуцца да будучыні. Я магу толькі далучыцца да віншаваньняў, якія гучалі з вуснаў прэзыдэнта Наўседы і прэзыдэнткі Эўрапейскага парлямэнту. Я веру, што ў нас будзе супольная эўрапейская будучыня. Мы будзем жыць побач у „Эўрапейскім квартале“», — сказаў Анатоль Лябедзька.

Паводле яго, для беларусаў важна быць побач зь Літвой у такія сымбалічныя даты і падзяляць каштоўнасьці свабоды, дзяржаўнасьці і эўрапейскай будучыні.

Аляксандар Лукашэнка прадоўжыў сваю практыку віншаваньняў зь дзяржаўнымі сьвятамі краін, якія ўлады Беларусі ўключылі ў сьпіс «недружалюбных», толькі зьвяртаючыся да іх народаў.

«Стагодзьдзямі мы мелі добразычлівыя дачыненьні, заснаваныя на гістарычных сувязях, агульных духоўных каштоўнасьцях, узаемным культурным узбагачэньні. І сёньня, нягледзячы на існыя цяжкасьці і выпрабаваньні, беларусы захавалі шчырыя сымпатыі да літоўцаў», — адзначыў Лукашэнка.

Ён выкарыстаў гэта сьвята ў Літве, каб зноў абвінаваціць улады краіны ў «недальнабачнасьці» датычна Беларусі, палітыка якіх, паводле яго, «ніколі не супадала з сапраўднымі інтарэсамі літоўскага народу».

Лукашэнка заявіў, што «Беларусь зацікаўлена ў канструктыўным разьвіцьці двухбаковых дачыненьняў на здаровай аснове з апорай на прынцыпы партнэрства і даверу, дружалюбнасьці і павагі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рыжанкоў напісаў другі публічны ліст да літоўскага народу, але перамовы зноў прапануе ўладам