«Ваш міністар замежных спраў разьяжджае па Эўразьвязу з адной толькі мэтай — дабіцца новых санкцый супраць Беларусі. Але санкцыі ЭЗ — гэта бумэранг. Іх наступствы ў рэшце рэшта ўдараць па эканоміцы Літвы і па вас, простых літоўцах. Мы ж бачым, што вызваленыя нішы тут жа займаюць бізнэсоўцы ня толькі з Усходу, але і з вашых жа краін-хаўрусьніц. А вярнуцца на страчаныя рынкі будзе надзвычай складана», — адзначыў Максім Рыжанкоў у сваім другім публічным лісьце да літоўскага народу, апублікаваным у дзяржаўным выданьні sb.by.
Першы аналягічны ліст, у якім ён выказаў аналягічныя абвінавачаньні на адрас літоўскага ўраду, ён напісаў 26 верасьня 2024 году.
У новым лісьце міністар зноў апісвае, як дзеяньні ўладаў Літвы па спыненьні кантактаў зь Беларусьсю нібыта адлюстраваліся на дабрабыце літоўцаў. Яны, паводле яго, нібыта пакутуюць праз высокую інфляцыю, праз тое, што Літва «рыхтуецца да вайны», а таксама вытрачае грошы падаткаплацельшчыкаў на неабгрунтаваныя меры абароны — будаўніцтва сьцяны на мяжы зь Беларусьсю, вайсковыя базы, аднаўленьне балот як дадатковага сродку абароны, а таксама на «ўтрыманьне» беларускай апазыцыі.
Рыжанкоў зноў расказаў пра эканамічныя страты Літвы праз адмову ад транзыту беларускай прадукцыі праз Клайпэдзкі порт і па літоўскай чыгунцы, а таксама ад паставак электраэнэргіі зь Беларускай АЭС.
Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства палохае літоўцаў тым, што сёлета тарыфы для іх на электраэнэргію павялічацца на 18 адсоткаў, а на ваду — на 10 адсоткаў.
«Гэта не стыхійнае бедзтва. Гэта прамы і асэнсаваны вынік выбару вашых палітыкаў», — адзначыў ён.
Пры гэтым, паводле Максіма Рыжанкова, палітыку ўладаў Літвы датычна Беларусі не падтрымліваюць 49 адсоткаў літоўцаў.
«Цяперашні курс Вільні вядзе ў глухі кут самаізаляцыі і эканамічнага ўпадку. Беларусь як добры сусед заўсёды адкрытая для разумнага дыялёгу. Мы гатовы разам вярнуць тое ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, якое толькі ад нармалізацыі дачыненьняў можа прыносіць Літве дадаткова да 1 мільярда эўра штогод», — напісаў міністар.
Максім Рыжанкоў заклікаў вырашаць праблемы за сталом перамоў, а не загародай на мяжы:
«Усе пытаньні — і бясьпека мяжы, і барацьба з кантрабандай, і крызіс з грузавікамі — можна і варта вырашыць супольнымі дзеяньнямі суседзяў, якія паважаюць адзін аднаго. Размова за сталом перамоў, аднаўленьне згорнутага раней супрацоўніцтва — адзіны шлях, які прыносіць рэальную карысьць людзям па абодва бакі мяжы. Мы гатовыя».
Вострыя праблемы ў дачыненьнях Менска і Вільні
Уварваньне паветраных балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі зь Беларусі ў Літву ўвосень і ў пачатку сьнежня 2025 году стала прычынай неаднаразовага закрыцьця Віленскага аэрапорту, разьмешчанага недалёка ад мяжы. Ад 29 кастрычніка па 19 лістапада Літва закрывала мяжу зь Беларусьсю.
Апошні раз аэрапорт Вільні прыпыняў працу ў сувязі з паветранымі балёнамі зь Беларусі 6 сьнежня мінулага году. Празь некалькі дзён, 9 сьнежня, урад Літвы аб’явіў экстрэмальную сытуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз «гібрыдную атаку Беларусі».
Рашэньне было прынята «ў сувязі з працягам пагрозы нацыянальнай бясьпецы дзяржавы і небясьпекай для жыцьця і здароўя людзей, а таксама для маёмасьці і (або) навакольнага асяродзьдзя, якая ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы зь Беларусі запускаюцца паветраныя балёны, якія нясуць кантрабанду».
Спэцыяльны пасланец прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа для Беларусі Джон Коўл пасьля вяртаньня ў Вільню зь Менску, дзе 12 і 13 сьнежня ён праводзіў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, заявіў, што апошні паабяцаў яму садзейнічаць у спыненьні палётаў паветраных балёнаў зь Беларусі ў Літву.
У 2025 годзе ў Літве перанялі 635 грузаў з цыгарэтамі зь Беларусі. 122 чалавекі затрымалі за дачыненьне да кантрабанды паветранымі балёнамі.
Міністар унутраных спраў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч раней заявіў, што пакуль ня бачыць неабходнасьці адмяняць рэжым экстрэмальнай сытуацыі дзяржаўнага ўзроўню, уведзены месяц таму з-за гэтай кантрабанды.
У сувязі з тым, што ўрад Літвы раней на некалькі тыдняў абмяжоўваў працу памежных пунктаў зь Беларусьсю, Менск адмаўляецца выпускаць са сваёй краіны зарэгістраваныя ў Літве грузавікі.
Кіраўнікі Літвы расцэньваюць дзеяньні ў сувязі з кантрабандай і затрыманьнем грузавікоў як гібрыдную атаку менскага рэжыму.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
- Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.
Форум