Выкінулі з школьнай праграмы
Дырэктар выдавецтва «Камунікат» Яраслаў Іванюк расказаў Свабодзе, што ўпершыню думка выдаць «Каласы пад сярпом тваім» Уладзімера Караткевіча яму прыйшла ў канцы 2023 году, калі з школьнай праграмы ў Беларусі выключылі гэты раман.
Дырэктар выдавецтва «Камунікат» Яраслаў Іванюк
«Выкінуць такую кнігу з праграмы значыць, што для рэжыму Лукашэнкі ня важна нічога беларускага, ня важнае фармаваньне беларускай нацыі. А „Каласы…“ акурат фармуюць беларускую нацыю, яны падмурак», — камэнтуе Іванюк.
Ён спасылаецца на выказваньні вызваленых беларускіх палітвязьняў, якія за кратамі чыталі «Каласы…», у тым ліку пасьля 2023 году. Юрась Меляшкевіч шкадаваў, што мог прачытаць у турме толькі першую частку кнігі, бо другую хтосьці выдзер зь яе. Паліттэхноляг і літаратуразнаўца Аляксандар Фядута ў інтэрвію «Эўрарадыё» назваў «Каласы…» галоўнай кнігай, якую беларус напісаў у XX стагодзьдзі для беларусаў, і яе галоўная мэта — каб беларусы адчулі сябе беларусамі.
Другая прычына, чаму вырашылі выдаць гэты раман Караткевіча, — попыт ад беларусаў у эміграцыі. Іванюк адзначае, што можна прывезьці выданьне зь Беларусі, але гэта выйдзе даражэй і больш складана.
«Варта час ад часу некаторыя кнігі клясычнай літаратуры выдаваць па-за межамі, каб яны былі даступныя тут. Беларусы ў эміграцыі не разбагацелі. Калі мы будзем кнігі зь Беларусі прывозіць, трэба заплаціць за транспарт, за лягістыку», — тлумачыць Іванюк.
Без цэнзуры?
Выдавецтва характарызуе новае выданьне раману як зробленае «без цэнзуры». Аднак паўнейшы варыянт, куды вярнулася прыкладна чвэрць тэксту аўтара, ужо выходзіў у 25-томніку збораў Караткевіча ў 2014 годзе ў Беларусі. Пры гэтым вэрсія 2025 году ўсё ж адрозьніваецца ад публікацыі 2014 году. Тэксталягічна рыхтавала абодва апошнія выданьні рэдактарка Валянціна Андрэева. Яна кажа, што ёй у працы дапамог і варыянт тэксту Сяргея Шупы, які той рэдагаваў для аўдыёкнігі «Каласоў…».
Валянціна Андрэева
Паводле рэдактаркі, яна працавала над тэкстам «Каласоў…» два гады да 2014 году і год да 2025-га. Яна ня лічыць новую вэрсію рамана ідэальнай. Дапускае, што пазьней могуць зьявіцца іншыя варыянты рэдактуры.
Асноўных выдавецкіх вэрсіяў было чатыры: 1965 году — у часопісе «Полымя», моцна скарочаная, 1968 году — кніжнага выданьня, таксама скарочаная, 2014 году — куды вярнулася прыкладна чвэрць тэксту, і 2025 году — куды ў тым ліку вярнуліся словы і выразы, якія складана было б ужыць у выданьні ў межах Беларусі.
Валянціна Андрэева зазначае, што ня вельмі падзяляе ідэю пазначэньняў «без цэнзуры» ці «з цэнзурай».
«Для мяне гэтае азначэньне вульгарнае, занадта спрошчанае. Вядома, яно лёгка запамінаецца. Але для мяне яно не да канца карэктнае. Апошні, хто сядзеў і правіў „Каласы…“ з Караткевічам, быў Адам Мальдзіс. Ці мы гатовыя сказаць, што Мальдзіс наводзіў цэнзуру ў рамане? Здаецца, гэта будзе неэтычна. Я гэта для сябе называю перакладам з мовы эпохі на мову асобы», — кажа суразмоўца.
Адам Мальдзіс, архіўнае фота
Яна тлумачыць, што, паводле ўспамінаў Адама Мальдзіса, ён сядзеў побач з Караткевічам, які спачатку казаў «і коскі зь месца ня зрушу!», і яны разам думалі, як паправіць тэкст або зрабіць выгляд праўкі, каб вынік трапіў у друк у савецкія часы, бо першы варыянт цэнзуру не прайшоў.
На думку Андрэевай, дзевяць зь дзесяці тагачасных правак былі слушнымі, ішлі на карысьць раману, былі сумленнымі, бо Караткевіч ня быў выдатным мовазнаўцам і часам рабіў памылкі. Прыкладам, слова «сапсуеце» (у Караткевіча) трэба было замяніць на «сапсуяце» (паводле граматыкі беларускай літаратурнай мовы), або «церпіць» (у Караткевіча) — на «цярпіць» (з нарматыўным націскам), або паправіць формы «удваіх», «удвох», «удзьвюх».
Адначасна ў рамане пакінулі форму Караткевіча «балаты́» як праяву аўтарскага стылю, наяўны ў беларускай мове варыянт ужываньня, хоць нарматыўна «балоты»; засталіся Караткевічавы «гарэшкі» замест «арэшкаў».
«Караткевічу былі патрэбныя „балаты́“ для рытмікі. Гэта нельга назваць памылкай. Я ведаю дакладна, што ён ведаў, што можна і трэба было сказаць „балоты“», — тлумачыць рэдактарка кнігі.
Уладзімер Караткевіч. Пачатак 1960-ых
Суразмоўца разважае: «у здаровай краіне» тэкст аўтара меў бы трапіць у рукі рэдактараў, якія з аўтарам заадно, якія б дапамаглі яму зразумець, дзе ён данёс думку трапна, а дзе не — «правесьці нармальную рэдактарскую працу». Аднак сытуацыя ў СССР у другой палове 1960-х гадоў, калі выходзіў раман, была такой, што ні інтарэсы чытача, ні карысьць мастацкага тэксту не ставілі на першы плян. Перадусім была бясьпека людзей, якія працавалі ў літаратурным, выдавецкім полі.
«Эпоха ўмешвалася таксама ў думкі аўтара. Яна ўплывала на тое, што ён можа сабе дазволіць, а што ня можа, за што ён гатовы біцца да апошняй кроплі, а дзе гатовы ахвяраваць нечым, каб захаваць нешта найзначнейшае», — гаворыць Андрэева.
Валянціна Андрэева таксама дадае, што імкнулася аднавіць вэрсію, бліжэйшую да аўтарскага бачаньня. Яна падкрэсьлівае: у выніковым тэксьце няма ніводнага ейнага слова, гэта ўсё напісана Караткевічам.
«У сховішчах ляжаў чыставік з аўтарскімі пазнакамі, паводле якога можна было без сумневаў вярнуць яшчэ чвэрць тэксту раману ў асноўны тэкст», — кажа яна пра рыхтаваньне тэксту ў 2014 годзе.
У 2014 годзе чвэрць тэксту, якая вярнулася, была пра моцную любоў да Беларусі і беларусаў, пра здаровы нацыяналізм, уважае Валянціна Андрэева.
Зьмены ў апошнім выданьні
Рэдактарка адзначае, што ў новай вэрсіі яна спрабавала самастойна прааналізаваць творчасьць Караткевіча, ягоны рукапіс і тое, што засталося пасьля шматлікіх папярэдніх рэдактураў, і вярнуць у тэкст тое, выпраўленьне чаго не было абавязковым для якасьці раману зь сёньняшняга гледзішча.
Яна прыводзіць у прыклад сцэну, калі Алесь Загорскі едзе ў гімназію ў Вільню вялікім паяздам, вязуць ягоныя рэчы, кнігі, мэблю. Рэдактары 1960-х гадоў выкрасьлілі фразу «чалавек не павінен жыць сярод чужых рэчаў, якія ня маюць дачыненьня да яго густаў, да ягонай душы». Гэтае выкрэсьленьне, на думку Андрэевай, ператварыла ідэю таго, што для чалавека важнае атачэньне, дробязі, што ягоная псыхалёгія складаная рэч, у простае апісаньне барскай паездкі.
Фрагмэнт тэксту «Каласы пад сярпом тваім», жоўтым колерам вылучаныя словы, якія вярнуліся ў тэкст у 2025 годзе.
Варыянт «Каласоў…» 2025 году адрозьніваецца ад вэрсіі 2014 амаль дзясяткам моўных формаў, якія ў Караткевіча былі, пасьля яму іх паправілі, а сёньня яны лічацца нормай, расказвае Андрэева. Да прыкладу, вярнуўся варыянт «капіяваць» (як пісаў аўтар) замест «капіраваць».
У апошняй вэрсіі ў тэкст вярнуліся словы «кацапы», «харошы рускі», «тыповая беларуска». У Караткевіча гучыць думка, што з прыстойнымі людзьмі мы будзем супрацоўнічаць і разам змагацца за адны каштоўнасьці, адзначае Андрэева. Вярнуўся выраз «Што ты маскаля загінаеш?» у значэньні «Чаму ты мацюкаесься?». У аўтарскай вэрсіі быў выраз «ішоў на радзіму, на Беларусь, на Невельшчыну» (Невель — горад цяпер у Пскоўскай вобласьці Расеі, які бываў у складзе ВКЛ, Віцебскай губэрні).
«Але Невельшчына ўжо не Беларусь. Як гэта трактаваць? Гэта дывэрсія з боку Караткевіча? Гэта дывэрсія. Гэта выкрасьлена з палітычнай асьцярогі. Напэўна, цяпер гэта варта вярнуць, хоць ні пра якія тэрытарыяльныя прэтэнзіі не вядзецца», — разважае яна.
У ранейшых вэрсіях сказу «Народ наш без майна, безь зямлі, без пашпартоў, бяз мовы» не было словаў «майно» і «пашпарты», цяпер яны вярнуліся.
«Сёньня нам вельмі важна прачытаць гэтае „без пашпартоў“. Караткевіч нават паняцьця ня мае, наколькі нам зараз гэта важна!» — адзначае Андрэева.
Фрагмэнт тэксту «Каласы пад сярпом тваім», жоўтым колерам вылучаныя словы, якія вярнуліся ў тэкст у 2025 годзе.
Адзін зь вялікіх фрагмэнтаў, які вярнуўся ў тэкст у 2025 годзе, — гэта этнаграфічная міні-сцэна пра Алеся Загорскага і Кастуся Каліноўскага ў вёсцы, з апісаньнем супу «рэдзікаў». Паводле аўтаркі, эпізод глыбей раскрывае Караткевіча і ягонае замілаваньне беларусамі.
Рэдактарка падкрэсьлівае, што ў апошнім выданьні ніяк не вылучалі фрагмэнты, вернутыя ў тэкст цяпер, бо гэта, паводле яе, моцна псуе ўражаньне, умешваецца ў працэс чытаньня, а таксама парушае аўтарскую творчую волю, але сьцьвярджае волю рэдактара.
Каб зразумець беларусаў
Яраслаў Іванюк адзначыў, што ў іхным выдавецтве доля клясычнай літаратуры невялікая, бо яе надалей выдаюць у Беларусі, хоць гэтым кнігам зь Беларусі складана трапіць у дыяспару. У «Камунікаце» выдалі запатрабаваныя чытачамі аповесьці Васіля Быкава «Мёртвым не баліць» і «Ліквідацыя» пад адной вокладкай, а таксама ўспаміны Ларысы Геніюш «Птушкі бяз гнёздаў».
Яраслаў Іванюк мяркуе, што «Каласы…» варта прачытаць кожнаму беларусу. У сьпіс абавязковага чытва ён бы ўнёс таксама творы Ларысы Геніюш, а з сучасных аўтараў Уладзімера Арлова. Найлепшай ягонай кнігай выдавец лічыць «Ордэн Белай Мышы» і называе яе ўжо клясыкай.
"Каласы пад сярпом тваім", Уладзімер Караткевіч, выданьне 2026 году
Іванюк сам чытаў «Каласы…» некалькі разоў і слухаў як аўдыёкнігу. Апошні раз перачытваў у 2023 годзе, калі кнігу выкінулі з школьнай праграмы.
«Гэта кніга, да якой варта вяртацца. Без гісторыі мы не пабудуем сучаснасьці і будучыні. Калі ня будзем ведаць гісторыю, прыслухоўвацца да яе — нічога не атрымаецца», — кажа суразмоўца пра значэньне раману для сучасьнікаў.
Паводле Валянціны Андрэевай, «Каласы пад сярпом тваім» варта чытаць, каб беларусы зразумелі беларусаў. Але яна хацела б, каб раман пераклалі таксама на іншыя мовы.
«Калі хтосьці хоча зразумець беларусаў, не прачытаўшы „Каласы…“, ён будзе ўсьляпую намацваць гэтага слана. Гэта самы просты спосаб зразумець цэнтральную, асноўную нашую рысу», — перакананая яна.
Іншыя кнігі, якія, паводле яе, могуць дапамагчы ў гэтым: «Мёртвым не баліць» Васіля Быкава, «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча, творы Кузьмы Чорнага, «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец.
За тры тыдні пасьля выхаду раскупілі каля ста асобнікаў кнігі, заўважае Іванюк. Ён адзначае, што яна цяпер у лідэрах у іхным выдавецтве. Дырэктар выдавецтва дадае, што яно яшчэ ня ладзіла прысьвечаных кнізе прэзэнтацыяў і сустрэчаў. Пакуль раман куплялі проста праз інтэрнэт-краму.
Кнігі выдавецтва "Камунікат"
З найбліжэйшых плянаў. «Камунікат» рыхтуе для друку «Музы і сьвіньні» і «Тэорыю змовы» Уладзіслава Ахроменкі, а таксама два ягоныя незавершаныя раманы. Таксама рыхтуецца да друку сямейная сага беларуска-ўкраінскага пісьменьніка Міколы Адама і дзьве часткі «Імёнаў Свабоды» Ўладзімера Арлова. Увосень можна чакаць перакладу на беларускую мову кнігі падляскай пісьменьніцы Анэты Прымакі-Онішк «Камяні мусілі паляцець» пра лёс беларусаў на Падляшшы падчас Другой усясьветнай вайны і пасьля.