Новы ціск на палітвязьняў
Палітвязьняў у Беларусі працягваюць апытваць наконт таго, ці згодныя яны выехаць зь Беларусі пасьля вызваленьня. Зьняволеных ува ўсёй краіне выклікаюць на «размовы» і распытваюць аб плянах на жыцьцё пасьля магчымага вызваленьня — ці згодныя яны пакінуць Беларусь у выпадку памілаваньня.
Вядома, што ў некаторых выпадках вязьняў, калі тыя згодныя на такое, просяць падпісаць адпаведную паперу. Пра гэта піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
Праваабаронцы таксама атрымліваюць інфармацыю, што некаторых палітычных зьняволеных, якія апошнім часам выходзяць на волю, прымушаюць пакінуць тэрыторыю Беларусі цягам 48 гадзін — інакш ім пагражаюць новай крымінальнай справай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 13 лютага. Тры выракі за «садзейнічаньне экстрэмізму». +37 чалавек у сьпісе «экстрэмістаў»16 лютага пачынаюць завочна судзіць Дзьмітрыя Баніту
40-гадовага Дзьмітрыя Баніту абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 130 («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці або звады»), арт. 369 («абраза прадстаўнікоў улады»), арт. 364 («гвалт у дачыненьні да міліцыянтаў»), арт. 188 КК («паклёп»), арт. 203-1 («незаконныя дзеяньні ў дачыненьні інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестках»).
Справу Дзьмітрыя разглядае Берасьцейскі абласны суд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 12 лютага: сама меней трох чалавек з творчай прасторы «Парасон» зьмясьцілі ў ІЧУ