Італія абвясьціла пра хуткае закрыцьцё цэнтру TLScontact, празь які беларусы апошнім часам падаваліся на візы. Займацца візавымі пытаньнямі неўзабаве будзе ўжо іншая арганізацыя. Тэндэр выйграла кампанія VF Worldwide.
Такім чынам, з 1 ліпеня запіс і падача візавых заяў будзе адбывацца ў новым цэнтры на вуліцы Максіма Танка, паведаміла амбасада Італіі ў Менску.
Да чэрвеня працягне працаваць цэнтар TLScontact на вуліцы Няміга.
«Мы дзякуем TLScontact за падтрымку, якую ён працягвае аказваць нам, гэта быў вельмі эфэктыўны партнэр. Мы ўпэўненыя, што і VF Worldwide зможа ўтрымліваць якасьць візавых паслуг для Італіі на адным з найлепшых у Беларусі роўняў», — напісала амбасада.
Многія беларусы ў камэнтарох, аднак, не падзяляюць аптымізму дыпляматаў, выказваюць расчараваньне, заяўляючы, што з дапамогай TLScontact грамадзянам краіны было магчыма атрымліваць якасныя паслугі і хутка афармляць турыстычныя візы ў Італію.
VF Worldwide, ці іначай VFS Global вядомая тым, што там вельмі доўга робяць візы і яшчэ плацяць пасярэднікам за запіс у чарзе, адзначаюць у камэнтарах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску пачаў працу новы візавы цэнтар ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія ўводзіць электронныя візы