З 25 лютага Вялікая Брытанія ўвядзе электронныя візы для замежнікаў. Пра гэта брытанская амбасада ў Менску паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
У амбасадзе гавораць, што наведнікі, якім патрэбна брытанская віза, зараз будуць замест візавай налепкі атрымліваць толькі электронную візу (eVisa) — гэта лічбавы іміграцыйны статус. Правілы дзейнічаюць і для грамадзян Беларусі.
У выніку заяўнікам дастаткова будзе наведаць візавы цэнтар толькі адзін раз для пацьверджання асобы. Запаўненьне анкеты онлайн і запіс на біямэтрыю застаюцца патрэбнымі, як было й раней.
Пашпарт прэтэндэнту на візу вернуць у дзень візыту ў пасольства, а паўторна прыходзіць па візавую налепку ня трэба. Але заяўніку трэба будзе стварыць уліковы запіс на сайце Ўпраўленьня ў візах і іміграцыі Вялікай Брытаніі (UKVI), якая дае онлайн-доступ да іміграцыйнага статусу.
У пасольстве ўдакладнілі, што авіякампаніі, паромы, круізныя апэратары і памежная служба Вялікай Брытаніі будуць аўтаматычна правяраць права на ўезд празь лічбавыя сыстэмы. Таму пашпарт, зь якім чалавек падарожнічае, павінен быць карэктна прывязаны да ўліковага запісу UKVI.
Сярод перавагаў навацый у пасольстве назвалі тое, што працэс афармленьня візы стане хутчэйшым і прасьцейшым, пры гэтым электронную візу немагчыма страціць, скрасьці або падрабіць.
Форум