Як паведаміла выданьне The Insider, пра гэта на Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў бясьпецы паведамілі прадстаўнікі Вялікай Брытаніі, Швэцыі, Францыі, Нямеччыны і Нідэрляндаў.
Раней навукоўцы з гэтых пяці краін прааналізавалі ўзоры біяматэрыялаў, якія сваякі Аляксея Навальнага вывезьлі з Расеі пасьля яго сьмерці.
Лекар-рэаніматоляг Аляксандар Палупан, які ўдзельнічаў у лекаваньні Навальнага пасьля яго атручваньня «Навічком», паведаміў выданьню, што сымптомы, якія назіралі ў яго перад сьмерцю, супадаюць з эфэктамі пры атручваньні эпібацыдынам.
«На ранейшай стадыі выклікаюць тахікардыю, гіпэртэнзію, ваніты, міякланію і курчы. Хутка зьмяняюцца брадыкардыяй, гіпатэнзіяй, прыгнечаньнем дыханьня. Клінічная карціна ў нечым падобная з атручваньнямі фосфарарганічнымі злучэньнямі, але зь менш выяўленым М-халінэргічным кампанэнтам. Атрапін фактычна не эфэктыўны», — сказаў Палупан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юлія Навальная заявіла, што дзьве лябараторыі пацьвердзілі атручэньне ейнага мужаАляксей Навальны памёр у калёніі асаблівага рэжыму ў запалярным пасёлку Харп 16 лютага 2024 году.
Апошнія гады жыцьця Аляксей Навальны правёў у расейскіх калёніях у цяжкіх умовах. Яго 27 разоў адпраўлялі ў ШЫЗА за любыя «правіны»: «ня так назваўся», «павольна выконваў патрабаваньні», «закатаў рукавы», цытаваў рашэньні ЭСПЧ.
Аляксей Навальны, заснавальнік Фонду барацьбы з карупцыяй, быў адным з самых яскравых апазыцыйных палітыкаў Расеі, галоўным апанэнтам прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Праводзіў шматлікія расьсьледаваньні фактаў карупцыі ў вышэйшых эшалёнах расейскай улады.
У 2013 годзе балятаваўся на выбарах мэра Масквы, атрымаўшы 27% галасоў выбарцаў. У 2020 годзе перажыў спробу атручэньня баявым атрутным рэчывам «Навічок». Пасьля лячэньня ў Нямеччыне ў 2021 годзе вярнуўся ў Расею, дзе быў неадкладна арыштаваны і атрымаў шэраг прысудаў, у выніку назначаны яму тэрмін склаў 19 гадоў пазбаўленьня волі ў некалькіх крымінальных артыкулах, уключаючы экстрэмізм.