Ва Ўкраіне ўсё больш грамадзян мяркуюць, што Расея пасьля падпісаньня мірнай дамовы нападзе зноў

У часе перадачы Расеяй целаў загінулых на вайне ўкраінцаў. Ілюстрацыйнае фота

Украінскія сацыёлягі канстатавалі павелічэньне да 75% долі ўкраінцаў, якія мяркуюць, што Расея зноў нападзе на Ўкраіну пасьля падпісаньня мірнай дамовы.

Згодна з вынікамі апытаньня, праведзенага Цэнтрам Разумкова на замову Кіеўскага форуму бясьпекі, 75,2% апытаных выказалі думку, што Расея парушыць умовы мірнай дамовы і зноў нападзе на Ўкраіну, як толькі ёй будзе зручна, і толькі 9,9% перакананыя, што абодва бакі будуць выконваць умовы міру.

У красавіку–траўні 2025 году недавер да Расеі выказвалі 66,5% рэспандэнтаў, у верасьні 2025 году — 64,2%.

Больш за дзьве траціны апытаных (69,6%) мяркуюць, што нават калі Ўкраіна выведзе свае войскі з усёй тэрыторыі Данецкай і Луганскай вобласьцяў, Расея будзе працягваць агрэсію. Супрацьлеглую думку выказалі 19,6% рэспандэнтаў і яшчэ 10,8% — не змаглі адказаць на пытаньне.

Думкі ўкраінцаў аб мінімальна неабходных умовах для падпісаньня міру з Расеяй падзяліліся, але найбольш — 33,2% — выказаліся за неабходнасьць вызваленьня Ўкраіны ад расейскіх войскаў у межах 1991 году, 25,5% — у межах на 24 лютага 2022 году.

Толькі 3,7% апытаных дапускаюць поўны вывад украінскіх войскаў з Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запароскай вобласьцяў, прычым з усёй тэрыторыі гэтых рэгіёнаў у іх адміністрацыйных межах.

У параўнаньні з папярэднімі апытаньнямі патрабаваньні ўкраінцаў да ўмоваў міру зьмяніліся. Падтрымка вяртаньня да межаў 1991 году зьнізілася з 51,5% у чэрвені 2024 году да 33,2% у лютым 2026 году. У той жа час вырасла доля тых, хто дапускае фіксацыю межаў на лініі фронту — з 9,4% у чэрвені 2024 году да 23,5% у лютым 2026 году.

Пры гэтым рэспандэнты катэгарычна не гатовыя на ключавыя саступкі для падпісаньня мірнай дамовы. 73,1% мяркуюць, што нельга саступаць у рэальных гарантыях бясьпекі, 73,3% — у эканамічным аднаўленьні Ўкраіны, 72% — у адказнасьці Расеі за ваенныя злачынствы, 69,3% — у спагнаньні з Расеі рэпарацый на карысьць Украіны, 62,7% — у кантролі Ўкраіны над Данбасам.

Наконт эўраінтэграцыі думкі падзяліліся амаль напалову: 47,9% мяркуюць, што нельга адмаўляцца ад уступленьня ў Эўразьвяз, тады як 40,2% дапускаюць такі кампраміс, адмову ад інтэграцыі ў NATO дзеля міру падтрымалі 38,3% апытаных, а 48,6% выступілі супраць такой саступкі.

Сацыялягічнае апытаньне праводзіў Цэнтар Разумкова на замову Кіеўскага форуму бясьпекі з 31 студзеня да 4 лютага 2026 году шляхам тэлефоннага інтэрвію. У апытаньні ўдзельнічалі 1 003 рэспандэнты ва ўзросьце ад 18 гадоў і старэйшыя. Апытвалі толькі тых грамадзян, якія жывуць на падкантрольнай украінскім уладам тэрыторыі. Статыстычная памылка выбаркі не перавышае 3,2%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2025 год стаў самым сьмяротным для цывільнага насельніцтва цягам вайны Расеі супраць Украіны