У Польшчы затрымалі восем чалавек у справе аб паветранай кантрабандзе цыгарэт зь Беларусі

Балён з кантрабанднымі цыгарэтамі. Архіўнае фота

Пачасьціліся прылёты зь Беларусі ў Польшчу паветраных балёнаў з кантрабандай. Раней такія прылёты выклікалі крызіс у адносінах Беларусі і Літвы.

Восем чалавек, якіх падазраюць у кантрабандзе цыгарэт зь Беларусі паветранымі балёнамі, затрымалі супрацоўнікі Падляскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы.

Паводле інфармацыі ведамства, гэта чацьвёра польскіх грамадзян ва ўзросьце ад 22 да 44 гадоў, а таксама чацьвёра грамадзян Літвы ва ўзросьце ад 30 да 34 гадоў.

Затрыманым выставілі абвінавачаньні ў кантрабандзе тытунёвых вырабаў, а таксама ў рамках закону аб спэцыяльных захадах процідзеяньня падтрымцы агрэсіі супраць Украіны. За інкрымінаваныя ім дзеяньні прадугледжана пакараньне пазбаўленьнем волі ня менш як на 3 гады.

Чацьвёра літоўскіх грамадзян і адзін грамадзянін Польшчы пастановай суду арыштаваныя на 3 месяцы, астатнім мерай стрыманьня прызначаныя паліцэйскі нагляд і забарона выяжджаць з краіны.

Паводле зьвестак ведамства, арыентацыйны агульны кошт выяўленых з пачатку году цыгарэт, нелегальна дастаўленых зь Беларусі паветрам, перавышае 2,8 млн злотых (каля 784 тыс. даляраў). Усяго ў справе аб паветранай кантрабандзе затрымалі 16 чалавек.

9 лютага на прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве віцэ-прэмʼер, міністар абароны Польшчы Ўладыслаў Касіняк-Камыш назваў запуск мэтэазондаў зь Беларусі «гібрыднай вайной». Ён таксама паведаміў, што сярэдні кошт кантрабанды, перанесенай адным балёнам, складае каля 30 тыс. злотых (каля 8,5 тыс. даляраў).

З канца студзеня Польшча зафіксавала шэсьць сэрыяў парушэньняў паветранай прасторы з боку Беларусі: 28 і 31 студзеня, 1, 2, 4 і 9 лютага. Ува ўсіх гэтых выпадках абʼекты, якія ўварваліся ў паветраную прастору Польшчы, распазналі як аэрастаты, якімі дастаўляюцца кантрабандныя грузы.

Як раней паведаміла польская прэса, Падляскі памежны аддзел 31 студзеня паведаміў пра арышт двух грамадзян Беларусі, якіх падазраюць у спробе кантрабанды цыгарэт з выкарыстаньнем мэтэаралягічных балёнаў. Мужчыны 37 і 39 гадоў рашэньнем суду цяпер тры месяцы будуць знаходзіцца пад вартай. Абвінавачаньні супраць іх тычацца Падатковага крымінальнага кодэксу, захадах процідзеяньня падтрымцы агрэсіі супраць Украіны, абароны нацыянальнай бясьпекі. Ім пагражае пакараньне трыма гадоў пазбаўленьня волі.

Польска-беларуская мяжа цяпер пільна ахоўваецца, таму кантрабандысты пачалі выкарыстоўваць паветраныя балёны, каб яе пераадолець. Згодна з Падляскай памежнай аховай, у 2025 годзе была выяўлена кантрабанда цыгарэт на суму больш за 3,4 мільёна злотых (каля 950 тыс. даляраў), 29 чалавек арыштаваныя.

Толькі ў студзені сёлета польская памежная служба зафіксавала каля 1,75 мільёна цыгарэт бяз польскіх акцызных марак, кошт якіх ацэньвалі ў 1,78 мільёна злотых (каля 497 тыс. даляраў).

У Літве 3 лютага затрымалі 5 чалавек, якіх падазраюць у кіраваньні групоўкамі злачыннага аб’яднаньня, якое займаецца кантрабандай цыгарэтаў зь Беларусі.

У Вільні і Салечніцкім раёне правялі больш за 20 ператрусаў, паведаміла пракуратура Літвы. Выявілі сродкі сувязі, GPS-перадавальнікі, паліцэйскія пробліскавыя маячкі ды іншыя прылады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва будзе перадаваць Беларусі інфармацыю аб беларускіх кантрабандыстах і абвяшчаць іх вышук праз Інтэрпол