МЗС Расеі: «Расея ня будзе склаўшы рукі назіраць за тым, што адбываецца ў Беларусі»

Марыя Захарава

Праўдападобна, у Маскве лічаць, што Захад спрабуе адарваць Беларусь ад Расеі.

Пра гэта 12 лютага заявіла прэс-сакратарка расейскага Міністэрства замежных спраў Марыя Захарава, камэнтуючы зьвесткі расейскай службы замежнай выведкі. Раней там заявілі, што заходнія дзяржавы спрабуюць дамагчыся зьмены канстытуцыйнага ладу ў Беларусі і разарваць шчыльныя сувязі Менску з Масквою.

Паводле Захаравай, якую цытуе ТАСС, МЗС РФ падзяляе ацэнкі выведкі.

«Сумнявацца ў сур’ёзнасьці пагрозаў, вядома, проста не даводзіцца. Вы ж ведаеце, у 2020 годзе заходнія, так бы мовіць, рэжымы ўжо спрабавалі праз разгалінаваную сетку сваіх агентаў уплыву зарганізаваць у Беларусі чарговую „каляровую рэвалюцыю“. Але рашучасьць уладаў і мудрасьць народу Беларусі, якія зрабілі высновы з украінскага майдану, перашкодзілі гэтаму.

Відавочна, што заходнікі не адмовіліся ад сваіх імкненьняў адарваць, у тым ліку зрабіць гэта любымі спосабамі, брацкую нам рэспубліку ад Расеі, рыхтуюцца да рэваншу, відаць, чакаюць зручнага моманту», — заявіла Захарава.

Прадстаўніца расейскага МЗС заявіла, што дзяржаўны пераварот у Беларусі прывёў бы да стварэньня пункту нестабільнасьці за межамі Расеі. Сярод іншага, яна адзначыла, што «рэспубліканскія ўлады таксама прынялі шэраг рашучых захадаў у зачыстцы краіны ад „празаходніх так званых дэмакратызатарскіх структураў“ і ўзмацненьні жорсткасьці заканадаўства ў дачыненьні да няўрадавых арганізацый у мэтах недапушчэньня іх падрыўной працы знутры».

Захарава дадала, што ўлады ў Маскве і Менску ня будуць назіраць за становішчам «склаўшы рукі».

Яна адзначыла, што ў сакавіку мае адбыцца сустрэча спэцпрадстаўнікоў Беларусі і Расеі наконт рэалізацыі падпісанай раней дзяржавамі Дамовы аб гарантыях бясьпекі. Сустрэча плянуецца ў Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў закон пра дамову аб гарантыях бясьпекі з Расеяй