Тысячы скаргаў на вулічнае асьвятленьне, вываз сьмецьця і праблемы з ацяпленьнем. Ці ўсе яны задаволеныя

Менск у прыцемках увечары 4 лютага 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Сёлета ў студзені камунальныя гаспадаркі Беларусі атрымалі 309 380 заявак, якія датычаць праблемаў у сфэры ацяпленьня, энэрга- і водазабесьпячэньня, а таксама іншых праблемаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Нявыкананымі засталіся 92 488 зваротаў.

Як вынікае з статыстыкі, апублікаванай на нацыянальным партале гарадзкой гаспадаркі, наконт ацяпленьня кол-цэнтры атрымалі 48,86 тысячы заявак, нявыкананымі засталіся 5,59 тысячы, з 30,59 тысячы заявак наконт праблемаў энэргазабесьпячэньня ня выкананыя 3,87 тысячы.

Беларусы накіравалі ў гарадзкія гаспадаркі 11,11 тысячы заявак на вырашэньне праблемаў зь цьвёрдымі бытавым адкідамі (камунальнікі выканалі 10,27 тысячы), а таксама 10,51 тысячы заявак аб вулічным асьвятленьні (выканалі 5,61 тысячы).

З 14 980 заявак аб добраўпарадкаваньні тэрыторыяў, атрыманых у студзені, выканалі толькі 3077.

У Менску найбольш было заявак наконт ацяпленьня (з 19,12 тысячы выканалі 18 тысяч), санітарнага стану тэрыторыі (з 19,19 тысячы выканалі 16 тысяч) і электразабесьпячэньня (з 10,48 тысячы выканалі 9,224 тысячы). Наконт абыходжаньня зь цьвёрдымі бытавымі адкідамі жыхары Менску падалі 5989 заявак, зь іх 5577 выканалі. На вулічнае асьвятленьне ў студзені атрымалі 818 заявак, зь якіх 279 застаюцца нявыкананымі.

Усе нявыкананыя заяўкі застаюцца ў працы. Статыстыкі за люты пакуль няма.

Жыхары Беларусі сталі ўсё часьцей публікаваць у сацыяльных сетках, найперш у TikTok, скаргі на вулічнае асьвятленьне, на праблемы з вывазам сьмецьця і іншыя побытавыя праблемы. Улады рэагавалі на гэтыя праблемы постфактум, але сьцьвярджалі, што яны невялікіх маштабаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску — праблемы з вывазам сьмецьця, але ўлады сьцьвярджаюць, што яны лякальныя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра абурэньне беларусаў на асьвятленьне: «Куды нас, „таталітарную“ дзяржаву, з „дэмакратычнай“ Украінай параўноўваць?!»