Беларускі гісторык Смалянчук атрымаў польска-літоўскую прэмію

Гісторык Алесь Смалянчук, архіўнае фота

Алесь Смалянчук вымушаны быў пакінуць Беларусь і цяпер працуе ў Інстытуце славістыкі Польскай акадэміі навук.

Прэміяй за заслугі ў галіне гісторыі і захаваньня гістарычнай памяці, заснаванай Форумам супрацоўніцтва і дыялёгу Польшча — Літва і польска-літоўскага Форуму дыялёгу і супрацоўніцтва імя Ежы Гедройца ўаганаравалі беларускага гісторыка прафэсара Аляксандра Смаленчука, піша Позірк.

У сваім выступе на ўрачыстай цырымоніі ўручэньня прэміі ў музэі «Каралеўскія Лазенкі» ў Варшаве Смалянчук адзначыў, што трактуе атрыманую ім узнагароду як «прызнаньне працы ўсіх беларускіх гісторыкаў, вымушаных пакінуць сваю краіну, у якой цяпер няма свабоды навуковых дасьледаваньняў у галіне гуманітарных і грамадзкіх навук, а іх удзельнікам пагражаюць рэпрэсіі».

На цырымоніі выступіў ляўрэат прэміі «Салідарнасьць» імя Леха Валэнсы, намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта Павал Латушка. Ён адзначыў, што сёлета прэмія ўпершыню «пашыраная на прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі».

«Ваша праца па вяртаньні праўдзівай гісторыі — падмурак нашай годнасьці. Ваша ўзнагарода — знак таго, што Беларусь — Эўропа, і Эўропа гэта прызнае, не жадаючы новай „жалезнай заслоны“ па лініі Буга», — адзначыў Латушка, зьвяртаючыся да ляўрэата.

Смалянчук нарадзіўся ў 1959 годзе ў Горадзенскай вобласьці. Доктар гістарычных навук, прафэсар. Дасьледуе агульную гісторыю Беларусі, Літвы і Польшчы. Працуе ў Інстытуце славістыкі Польскай акадэміі навук.

Цырымонія ўручэньня прэмій форуму супрацоўніцтва і дыялёгу Польшча — Літва і Форуму дыялёгу і супрацоўніцтва імя Ежы Гедройца зьяўляецца адным з найважнейшых мерапрыемстваў, прысьвечаных пабудове дыялёгу, узаемаразуменьня і супрацоўніцтва паміж Польшчай і Літвой, а таксама народамі Цэнтральнай і Усходняй Эўропы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

400 удзельнікаў, з Расеі ніхто не прыедзе. Як сёлета пройдзе Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі«Не перастаў быць філёзафам». Алексіевіч, Кныровіч, Смалянчук пра галадоўку Ўладзімера Мацкевіча100 гісторыкаў падпісалі заяву ў абарону нацыянальнага сьцяга, які ўлады хочуць прызнаць экстрэмісцкім «Інтэлігенцыя стаіць тварам у цэглу. Там ёй і месца», — прафэсар Смалянчук, аштрафаваны за мітынгУ Горадні асудзілі прафэсара Смаленчука. Гісторык прыйшоў у суд з рэчамі