Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 гісторыкаў падпісалі заяву ў абарону нацыянальнага сьцяга, які ўлады хочуць прызнаць экстрэмісцкім


Праекцыя нацыянальнага сьцяга
Праекцыя нацыянальнага сьцяга

«Кампанія на дыскрэдытацыю дзяржаўнага сымбаля Беларусі ня мае ніякага абгрунтаваньня», — гаворыцца ў заяве гісторыкаў, якую падпісалі каля 100 навукоўцаў.

У інтэрнэце зьявіўся сайт «Наш сьцяг», дзе пачаўся збор подпісаў беларускіх гісторыкаў у абарону нацыянальнага сымбаля. У сувязі з разгортваньнем уладамі Беларусі кампаніі для забароны бел-чырвона-белага сьцяга беларускія гісторыкі выступілі з заявай.

«Бел-чырвона-белы сьцяг ёсьць нацыянальным і дзяржаўным сымбалем. Ён быў ухвалены ў 1917 годзе ўсімі нацыянальнымі арганізацыямі і стаў дзяржаўным у 1918-м, пры канцы Першай сусьветнай вайны. Беларуская Народная Рэспубліка прыняла дзяржаўны герб — старажытную „Пагоню“ і дзяржаўны сьцяг — бел-чырвона-белага колераў, адпаведных народным і гістарычным традыцыям.

За мінулае стагодзьдзе наш сьцяг стаў духоўным набыткам і маральнай каштоўнасьцю для мільёнаў беларусаў, незалежна ад іх палітычных поглядаў. У 1930 годзе паэт-камуніст Максім Танк напісаў:

Глядзіце ў будучыню сьмела!
Настаў доўгачаканы час,
Пад сьцягам бел-чырвона-белым
Чакае перамога нас!
».

Гісторыкі таксама адказваюць на абвінавачаньне прапаганды ў тым, што падчас Другой сусьветнай вайны такія сымбалі выкарыстоўвалі калябаранты.

«Гэта было звычайнай справай у Эўропе і ня можа весьці да дыскрэдытацыі сымболікі. Мы бачым, як дзяржавы з падобным гістарычным досьведам, напрыклад Расея, Украіна, Францыя, Літва, Латвія, Харватыя, Нарвэгія, Данія ды іншыя, шануюць свае нацыянальныя сьцягі», — гаворыцца ў заяве.

Адмыслоўцы нагадваюць, што ў верасьні 1991 году Вярхоўны Савет БССР зацьвердзіў бел-чырвона-белы сьцяг дзяржаўным сьцягам Рэспублікі Беларусь. У 1994-м менавіта пад ім прыносіў прысягу новаабраны прэзыдэнт Лукашэнка.

«Сёньняшняя прапагандысцкая кампанія на дыскрэдытацыю і
забарону нацыянальнага і дзяржаўнага сымбаля Беларусі ня мае ніякага гістарычнага абгрунтаваньня, вядзе да расколу грамадзтва і распальваньня варожасьці паміж грамадзянамі Беларусі. Арганізатары і ўдзельнікі гэтай кампаніі павінны панесьці адказнасьць ня толькі перад судом гісторыі, але і юрыдычную», — канстатуюць беларускія гісторыкі.

Сярод падпісантаў заявы — дактары і кандыдаты гістарычных навук Аляксандар Краўцэвіч, Аляксандар Смалянчук, Алег Латышонак, Тадэвуш Гавін, Юры Гардзееў, Сяргей Токць, Генадзь Сагановіч, Лілія Коўкель, Андрэй Чарнякевіч, Уладзімер Ляхоўскі, Іна Соркіна, Анатоль Вялікі, Кацярына Крывічаніна ды дзясяткі іншых. Усяго па стане на 12:30 пад заявай было 98 подпісаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG