Мошэс: «Размовы пра дыялёг Беларусі і Захаду — толькі дэбаты ўнутры беларускай апазыцыі. Нічога падобнага няма»

Аляксандар Лукашэнка

Размовы пра магчымы дыялёг Беларусі і Захаду — гэта, паводле Аркадзя Мошэса, выключна дэбаты ўнутры беларускай апазыцыі, мяркуе экспэрт Фінскага інстытуту міжнародных адносінаў.

Аркадзь Мошэс адзначае, што няма сапраўднага збліжэньня Беларусі і Захаду. Вызваленьне 200 палітвязьняў нічога, на ягоную думку, не зьмяніла, бо гэта павінна было адбывацца рэгулярна.

«Калі б Лукашэнка сапраўды хацеў „перагарнуць старонку“, дык гэтых людзей не павінны былі высылаць за межы Беларусі. У яго шмат магчымасьцяў, але ён гэтага ня робіць. Ён не намагаецца зьмяніць вонкавую сытуацыю», — сказаў Мошэс.

Экспэрт таксама падкрэсьліў, што пакуль рэпрэсіі ў Беларусі ня спыняцца, няма сэнсу весьці размовы пра магчымыя зрухі ў адносінах Захаду і Лукашэнкі.

Ён зазначае, што Расея кантралюе ключавыя пазыцыі ў Беларусі, а любыя прапановы Захаду з грашовымі сродкамі толькі дапамагаюць Маскве зэканоміць свае рэсурсы.

«Нават з 2015 да 2020 гады, калі Захад праводзіў палітыку „сонечнага сьвятла“, Расея паводзіла сябе як звычайна і давала нейкія грошы. Лукашэнка для Масквы — інструмэнт ускоснага кантролю, які ніхто іншы Расеі прадставіць ня можа», — патлумачыў Мошэс.

Паводле яго, нават прыезд у Менск спэцпрадстаўніка Трампа Джона Коўла не мяняе структуру адносінаў Беларусі і ЗША. Мошэс упэўнены, што сутнасьцю адносінаў паміж Захадам і Лукашэнкам зараз зьяўляецца канфлікт. На яго думку, гэта парадыгма захаваецца і ў бліжэйшай будучыні.

«Размовы пра магчымыя перамовы — гэта дэбаты ўнутры беларускай апазыцыі і размовы экспэртаў, якія назіраюць за Беларусьсю. У Эўропе такіх дыскусій няма, санкцыі скасоўваць ня будуць, бо яны працуюць».

Паводле экспэрта Фінскага інстытуту міжнародных адносінаў, Эўразьвяз зразумеў, што ідэя адарваць Беларусь ад Расеі — незьдзяйсьняльная, гэтаксама як ідэя адарваць Расею ад Кітаю.

«Ідэя пайсьці насустрач Лукашэнку толькі каб раздражніць Пуціна — несур’ёзна. У Эўразьвязе ўжо ніхто нават не спрачаецца, што Лукашэнка назаўсёды застанецца ў зоне ўплыву Расеі. Ён ужо ня можа зь яе выйсці», — сказаў Аркадзь Мошэс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Франак Вячорка пра давоскія сустрэчы: Ціханоўская наладзіла кантакт з Джарэдам Кушнерам


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не гуляйце ў гульні з Трампам. Карбалевіч — пра вэнэсуэльскі ўрок для Лукашэнкі