Раней дзяжурныя пацьвярджалі або зьняпраўджвалі факт перабываньня чалавека ў СІЗА любому заяўніку. Але цяпер у некаторых СІЗА краіны гэтыя зьвесткі даступныя толькі для сваякоў.
Паводле зьвестак магілёўскага праваабарончага каналу Mayday, такое распараджэньне на пачатку тыдня атрымалі ад начальства дзяжурныя Магілёўскага СІЗА, якое ўваходзіць у склад Турмы № 4. Навацыя супала з часам, калі начальнік установы пайшоў у адпачынак.
Вядома таксама, што такія самыя правілы ўвялі ў СІЗА № 1 у Менску.
Раней, пакуль прысуд не ўступіў у законную моц і чалавек чакаў апэляцыі, любы ягоны знаёмы ці сябар мог патэлефанаваць альбо зайсьці ў СІЗА, каб даведацца, ці не этапавалі вязьня ў калёнію. Гэта было крытычна важна для сем’яў з іншых гарадоў, бо яны прасілі знаёмых праверыць чалавека, каб ня ехаць сотні кілямэтраў зь цяжкімі перадачамі, часта дарэмна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзянка Латвіі расказала пра 18 месяцаў у СІЗА КДБ, у тым ліку ў «мяккім пакоі»Цяпер жа зьвесткі даюць пры выкананьні дзьвюх умоваў: па-першае, вы павінны быць блізкім сваяком, а па-другое, мусіце прыйсьці або прыехаць асабіста і пацьвердзіць сваяцтва дакумэнтамі.
Такія правілы ствараюць дадатковыя перашкоды сем’ям зьняволеных, асабліва тым, хто жыве далёка ад абласных цэнтраў. Цяпер высьветліць, дзе арыштаваны — у СІЗА ці ўжо ў дарозе ў калёнію, з дапамогаю валянтэраў ці сяброў, як гэта было раней, стала немагчыма ў тых месцах, дзе ўвялі такое правіла.
Варта адзначыць, што на гэты момант забарона не паўсюдная. У ізалятарах некаторых іншых гарадоў ранейшы парадак пакуль захоўваецца, што можа сьведчыць пра паступовае тэставаньне новай сыстэмы абмежаваньняў.
Раней стала вядома пра праблемы вязьняў у новым СІЗА-1 у Калядзічах пад Менскам. Там зьявіліся цяжкасьці з дастаўкай лістоў і перадач, а таксама з забесьпячэньнем матрацамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: за студзень у Беларусі стала на 51 палітвязьня болей, вядомыя новыя факты катаваньняў і ўціску за кратамі