Пальмавы алей і глязура замест шакаляду. Як расейскія цукеркі выціскаюць беларускія з паліцаў крамаў

Ілюстрацыйнае фота

Карыстальнікі сацыяльных сетак абурыліся цэнамі на айчынныя цукеркі ў Беларусі: многія сягаюць 50 рублёў за кіляграм. Паглядзелі, як адрозьніваюцца цэны на айчынныя і імпартныя ласункі і ці ёсьць розьніца ў іх складзе.

У сацыяльнай сетцы Threads абмяркоўваюць цэны на беларускія кандытарскія вырабы. Карыстальнікаў абурае, што замежныя цукеркі часта таньнейшыя за беларускія. Глядзім, ці сапраўды гэта так.

Беларускія цукеркі і расейскія аналягі

Беларускі брэнд ад «Камунаркі» — цукеркі «Птушынае малако»каштуюць 33 рублі 75 капеек за кіляграм. Склад выглядае натуральным: няма пальмавага алею і кандытарскіх тлушчаў, але ёсьць какававы алей і масла — натуральныя прадукты. Таксама ў складзе ёсьць эмульгатар E476, які выкарыстоўваецца як дадатак да шакаляду, не прызнаны шкодным.

Расейскі аналяг гэтай цукеркі «Птица-сладуница» прадаюць са зьніжкай — 13 рублёў 89 капеек за кілё, то бок у 2,4 раза таньней. Аднак яе склад адрозьніваецца. Пальмавы алей выкарыстоўваецца як заменьнік какававага алею і малочнага тлушчу, замест шакаляду тут кандытарская глязура. У складзе расейскіх цукерак адразу некалькі эмульгатараў-стабілізатараў тыпу Е.

Вытворчасьць цукерак на "Камунарцы", архіўнае фота

Беларускія цукеркі «Какосік» ад вытворцы «Шакаладава» каштуюць 22 рублі 45 капеек за кіляграм. Расейскі аналяг Miss Ko-Ko ад расейскага вытворцы «Сладуница» таньнейшы на 4 капейкі. У складзе і там, і там ёсьць пальмавы алей, замест шакаляду — глязура. Аднак у беларускім варыянце ёсьць натуральная какосавая стружка і менш тлушчаў.

Беларускі брэнд ад «Камунаркі» — шакалядныя цукеркі з арэхам «Любімая Алёнка»каштуюць у гіпэрмаркеце Green 51 рубель за кіляграм.

Цукеркі Nuts ад расейскага вытворцы «Нестле Россия» прадаюць са зьніжкай па 39 рублёў 24 капейкі. Розьніца зь беларускім аналягам — 11 рублёў 76 капеек, ці 22%. Да зьніжкі цана была 45 рублёў 15 капеек, г. зн. меншая за цану на «Любімую Алёнку» на 5 рублёў 85 капеек.

Іх склад падобны: і там, і там ёсьць шакаляд, арэхі. Калі параўноўваць больш падрабязна, то ў беларускім варыянце ёсьць «тлушч кандытарскі», што можа быць сумесьсю расьлінных алеяў. У імпартных цукерках указана «расьлінны алей». Але ў абодвух выпадках ня ўказваецца, які гэта канкрэтна алей. На «Камунарцы» ня раз заяўлялі, што не выкарыстоўваюць у сваіх прадуктах пальмавага алею. Аднак прызнаваліся, што такі алей можа быць у «кандытарскім тлушчы», бо яго ня робяць на фабрыцы, а завозяць. Складнік «расьлінны алей», пазначаны ў складзе расейскіх цукерак, таксама можа зьмяшчаць пальмавы алей.

Што выбіраюць людзі

Сэрвіс е-дастаўка на запыт «цукеркі» выдае 41 найменьне беларускай вытворчасьці і 29 — расейскай. Эўрапейскіх брэндаў пры гэтым вобмаль і яны каштуюць непараўнальна больш. Напрыклад, у крамах можна знайсьці нямецкія шакалядкі Ritter Sport. Цана пачынаецца ад 11 рублёў. У суседніх краінах ЭЗ гэтыя шакалядкі таньнейшыя, у Літве, напрыклад, 2,89 эўра, ці 9 рублёў 88 капеек па цяперашнім курсе.

Набор нямецкіх цукерак Toffifee у Green прадаюць па 11 рублёў 99 капеек за каробачку вагой 125 грамаў. У Літве гэтыя ж цукеркі каштуюць 10 рублёў на беларускія грошы.

Украінскіх цукерак у беларускіх крамах зараз няма. Архіўнае фота

Свабода на ўмовах ананімнасьці распытала спажыўцоў, якія цукеркі яны купляюць. Многія заўважылі, што беларускія кандытарскія вырабы падаражэлі. Аднак большасьць апытаных кажуць, што ўсё адно купляюць беларускія маркі, «хоць і радзей — праз цэны».

А расейскія цукеркі, па назіраньнях суразмоўцаў, пачалі зьяўляцца пару гадоў таму, большасьць у танным сэгменце, і яны «саступаюць якасьцю і смакам».

Згодна з статыстыкай Белстату, сярэднія цэны на глязураваныя шакалядам цукеркі за год (сёлетні студзень да леташняга) вырасьлі на 23,4%, шакаляд падаражэў на 18,3%.

«На цэны можа ўплываць лягістыка»

Старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна называе дзьве прычыны вышэйшай цаны на беларускія кандытарскія вырабы. Гэта лягістыка і якасьць.

«Дзесьці можна панізіць цану, скараціўшы выдаткі, каб пры гэтым не пагоршылася якасьць. У Беларусі гэта не заўсёды могуць своечасова зрабіць, асабліва на дзяржаўным прадпрыемстве. Таксама ўплывае лягістыка, цяпер з пастаўкай інгрэдыентаў могуць быць складанасьці. Імпартныя таньнейшыя цукеркі могуць быць горшай якасьці: ці ёсьць там, напрыклад, пальмавы алей, ці склад больш натуральны. З аднаго боку на цану ўплывае эфэктыўнасьць вытворчасьці, а з другога — шляхі паставак інгрэдыентаў», — кажа экспэртка.

У 2023–2025 гадах рэзка расьлі цэны на боб какавы — адзін з асноўных відаў сыравіны для шакаляду і цукерак. Гэта было зьвязана з неўраджаем у Заходняй Афрыцы. У пачатку 2026 году цэны на боб какавы пачалі зьніжацца.