«Наша краіна — вельмі міралюбная, і мы заўсёды нацэленыя на добрасуседзтва, на мірныя дачыненьні з грамадзянамі ўсіх дзяржаў, ня толькі суседніх», — сказала прадстаўніца абласнога дзяржаўнага выданьня, уручаючы падарунак польскаму грамадзяніну.
У падарунку былі каўбаса «Настальгія», цукеркі і набор шакалядак «Прэзыдэнт» (у тым ліку з назвай «Нашым дзецям», а таксама чорны шакаляд бяз цукру — яго рэцэптуру перараблялі некалькі разоў нібыта на патрабаваньне Аляксандра Лукашэнкі знайсьці заменьнік цукру, у якасьці якога ўрэшце выбралі экстракт так званай мядовай расьліны — стэвіі).
Мужчына таксама атрымаў тры нумары «Гродзенскай праўды», а таксама сувэнір, імаверна зроблены да 85-годзьдзя выданьня, на якім напісана «Сіла ў адзінстве».
У выданьні паведамілі, што грамадзянін Польшчы назваўся Мар’янам. Ён нібыта часта езьдзіць у Беларусь, дзе жыве ягоная жонка.
Два пункты пропуску Кузьніца Беластоцкая – Брузгі і Баброўнікі – Бераставіца адкрыліся а 2:00 менскага часу 17 лістапада. Іх закрылі некалькі гадоў таму ў адказ на вырак журналісту і актывісту польскай меншасьці Андрэю Пачобуту і на незаконны паток мігрантаў церазь беларуска-польскую мяжу.
Форум