BelPol даведаўся, за што Лукашэнка звольніў кіраўніка Віцебскай вобласьці Субоціна

Аляксандар Субоцін, архіўнае фота

У сярэдзіне студзеня Лукашэнка адправіў у адстаўку старшыню Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту Аляксандра Субоціна. Празь некалькі тыдняў, даведаўшыся, што кіраўніка вобласьці калегі праводзілі воплескамі, Лукашэнка абурыўся.

Як вынікае з закрытага дакумэнту, які «Люстэрка» атрымала з дапамогай BelPol, хмары над Субоціным пачалі згушчацца за год да звальненьня.

Аб прэтэнзіях да Аляксандра Субоціна гаворыцца ў дакладной запісцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Дзьмітрыя Крутога ад 14 лютага 2025 году. Яна адрасаваная Лукашэнку і датычыць пытаньняў, якія патрабуюць яго ўмяшаньня. Сярод згаданых у запісцы пунктаў — праблемы жывёлагадоўлі ў Віцебскай вобласьці.

Круты піша, што Віцебскі аблвыканкам некалькі гадоў не выконваў цалкам усіх даручэньняў Лукашэнкі, хоць заяўляў адваротнае. Выявіла гэта праверка Камітэту дзяржаўнага кантролю. Як адзначаецца ў дакумэнце, некаторыя з гэтых даручэньняў былі датаваныя яшчэ 2019 і 2020 гадамі.

«Да прыкладу, на 1 студзеня 2025 году ў вобласьці не завяршылі работы на шасьці аб’ектах, на адным наагул не пачыналі. Былі пытаньні і да абсталяваньня жывёлагадоўчых прадпрыемстваў, праз што тыя, паводле Крутога, не маглі выйсьці на праектныя магутнасьці. Так, ААТ „Бяленева“ Сеньненскага раёну працавала толькі на 48,8% ад заплянаванага, ААТ „Талачынскі райаграсэрвіс“ — на 85,4%, ААТ „Іванскі-Агра“ — на 83,5%. На некаторых прадпрыемствах паказчыкі былі яшчэ горшыя: УП „Ліпаўцы“ Віцебскага раёну — 66%, сэлекцыйна-гібрыдны цэнтар „Задняпроўскі“ (філія ААТ „Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў“) — 58,7%», — піша «Люстэрка».

Сярод недахопаў Круты адзначыў і тое, што асобныя гаспадаркі жывёлу трымалі скучана, праз што тая хварэла і памірала.

За ўсё гэта кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі прапаноўваў ускласьці адказнасьць пэрсанальна на старшыню Віцебскага аблвыканкама. Лукашэнка пагадзіўся. Ці былі ўжытыя да Субоціна якія-небудзь санкцыі, акрамя адстаўкі праз год, не паведамляюць.

Аляксандр Лукашэнка ня раз крытычна выказваўся на адрас кіраўніцтва Віцебшчыны. 21 красавіка 2025 году ён патрабаваў паставіць на месца мясцовых чыноўнікаў і абяцаў, што Аляксандр Субоцін будзе «не на нагах хадзіць», а «на руках ці галаве».

На нарадзе 24 кастрычніка 2025 году Лукашэнка скардзіўся на «абуральныя факты безгаспадарлівасьці, разгільдзяйства» ў рэгіёне.

А на нарадзе 3 лютага 2026 году абурыўся, даведаўшыся, што Субоціна пасьля звальненьня праводзілі воплескамі. «Ведаю, што там бурнымі воплескамі праводзілі былога губэрнатара: ах, добры чалавек!» — абурыўся Лукашэнка і зьвярнуўся пэрсанальна да намесьніцы старшыні аблвыканкаму Анжалікі Нікіцінай:

«Спадарыня Нікіціна, вам для ведама, каб вы разумелі, што добры чалавек — гэта яшчэ ня добры прафэсіянал».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнку так абурылі воплескі для звольненага чыноўніка

Зьмена кіраўніцтва Віцебскай вэртыкалі

Аляксандар Лукашэнка 15 студзеня звольніў Аляксандра Субоціна і прызначыў дыплямата Аляксандра Рагожніка, які з 27 чэрвеня 2024 году ачольваў амбасаду Беларусі ў Расеі, старшынём Віцебскага аблвыканкаму.

Да прызначэньня ў Расею Аляксандар Рагожнік з кастрычніка 2022 году працаваў міністрам прамысловасьці Беларусі.

«Адразу хачу сказаць для віцебскіх людзей: гэта не надзвычайшчына. Але вобласьць патрабуе нейкага прарыву. Вобласьць знаходзіцца ў складанай сытуацыі», — заявіў тады Лукашэнка.

Вызваляючы з гэтай пасады Аляксандра Субоціна, які ачольваў Віцебскі аблвыканкам ад сьнежня 2021 году, Лукашэнка паабяцаў яго загрузіць «на ўсе застаўкі».

Аляксандр Субоцін нарадзіўся ў 1976 годзе ў мястэчку Руба Віцебскага раёну. Атрымаў вэтэрынарную адукацыю, скончыў Міжнародны інстытут мэнэджмэнту і дактарантуру ў спэцыяльнасьці «Паразыталёгія».
Ва ўладу прыйшоў у 2014 годзе. Пачынаў з пасады намесьніка начальніка галоўнага эканамічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта. У 2015 годзе стаў намесьнікам міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня — дырэктарам дэпартамэнту вэтэрынарнага і харчовага нагляду.

З 2017 па верасень 2018 году займаў пасаду памочніка прэзыдэнта — інспэктара ў Віцебскай вобласьці. Потым наглядаў за Магілёўшчынай. 4 ліпеня 2020 году прызначаны намесьнікам прэм’ер-міністра Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік дыпляматычнай місіі Беларусі ў Расеі цяпер ачоліць Віцебскую вобласьць