Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік дыпляматычнай місіі Беларусі ў Расеі цяпер ачоліць Віцебскую вобласьць

абноўлена
У часе кадравых прызначэньняў 15 студзеня 2026 году
У часе кадравых прызначэньняў 15 студзеня 2026 году

Аляксандар Лукашэнка прызначыў дыплямата Аляксандра Рагожніка, які з 27 чэрвеня 2024 году ачольваў амбасаду Беларусі ў Расеі, старшынём Віцебскага аблвыканкаму.

Да прызначэньня дыпляматам у Расею Аляксандар Рагожнік з кастрычніка 2022 году працаваў міністрам прамысловасьці Беларусі.

«Адразу хачу сказаць для віцебскіх людзей: гэта не надзвычайшчына. Але вобласьць патрабуе нейкага прарыву. Вобласьць знаходзіцца ў складанай сытуацыі», — заявіў Лукашэнка, як паведаміла ягоная прэсавая служба.

Вызваляючы з гэтай пасады Аляксандра Субоціна, які ачольваў Віцебскі аблвыканкам ад сьнежня 2021 году, Лукашэнка паабяцаў яго загрузіць «на ўсе застаўкі».

«Мы плянуем, неўзабаве даведаецеся, загрузіць яго на ўсе застаўкі. Загрузіць з ног да галавы. Калі характар ёсьць, то пацягне. Гэта датычыць вонкавага контуру нашай краіны і іншых кірункаў, дзе трэба сур’ёзна працаваць», — патлумачыў ён.

Новым міністрам працы і сацыяльнай абароны стаў Андрэй Лабовіч, які да гэтага прызначэньня працаваў намесьнікам старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі.

Тацяна Харлап, якая да новага прызначэньня працавала генэральным консулам у Ганконгу (Кітайская Народная Рэспубліка), цяпер ачоліць адміністрацыю індустрыяльнага парку «Вялікі Камень».

Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі анансавала 14 прызначэньняў. Яны адбыліся ў выканаўчай вэртыкалі ўлады Магілёўскай вобласьці, а таксама ў кіраўніцтве вышэйшых навучальных установаў Гомля і Берасьця.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG