Працавала з КДБ празь іншага беларуса і ўжо служыла ў Міністэрстве абароны Ўкраіны. Новыя дэталі справы Іны Кардаш

Іну Кардаш затрымалі 21 студзеня 2026 году. Фота: lookby.media

На момант затрыманьня Іна Кардаш працавала ў Каардынацыйным штабе ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.

Свабода даведалася аб некаторых новых дэталях з матэрыялаў справы беларускі Іны Кардаш ва Ўкраіне.

Затрымлівалі як вайсковую

Як паведаміла Свабодзе інфармаваная крыніца ў праваахоўных органах Украіны, Іну Кардаш затрымалі 21 студзеня. Папярэдне рашэньнем суду яе арыштавалі да 20 сакавіка ўключна.

Калі да гэтага моманту дасудовае расьсьледаваньне не завершаць, то суд кожныя два месяцы павінен працягваць яе ўтрыманьне пад вартай. Аналягічнае рашэньне патрэбна і на час судовага разгляду справы.

У матэрыялах справы адзначаецца, што Іна Кардаш мае вышэйшую адукацыю, жыла ў зарэгістраваным шлюбе. На момант арышту яна была вайскоўкай у званьні салдата (ва Ўкраіне пасьля вайсковай рэформы «салдат» — адно з званьняў шараговага складу. — РС).

Як высьветлілася, у лістападзе 2025 году Іну Кардаш узялі на працу ў Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуску, затрыманую ў Кіеве паводле падазрэньня ў шпіянажы, уключылі ва ўкраінскую базу «Міратворац»

Справу супраць яе завялі яшчэ летась

Справу супраць Іны Кардаш завялі 16 ліпеня 2025 году. Да таго моманту сьледчыя ўжо вялі таемнае назіраньне за ёю, а падазрэньне ў шпіянажы на карысьць Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі ўручылі толькі ў дзень затрыманьня — 21 студзеня сёлета.

На судзе, калі разглядалася хадайніцтва пракурора аб арышце, затрыманая і яе адвакат заявілі аб неабгрунтаванасьці падазрэньняў і адсутнасьці рызыкі, што яна будзе хавацца ад сьледзтва або іншым шляхам перашкаджаць сьледзтву. Але суд падтрымаў пазыцыю абвінавачваньня.

Справу Іны Кардаш расьсьледуе Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны.

Апошнія інструкцыі з КДБ атрымлівала ў Вугоршчыне

Згодна з матэрыяламі сьледзтва, Іна Кардаш супрацоўнічала з КДБ з 2019 году. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што кантактавала з КДБ яна праз грамадзяніна Беларусі, які «сьвядома для яе ажыцьцяўляў канфідэнцыйную супрацу з спэцслужбамі Беларусі».

Гэты беларус, зь якім яна размаўляла не пазьней за 6 верасьня 2025 году, прапанаваў ёй выехаць у Будапэшт (Вугоршчына), каб там атрымаць неабходныя інструкцыі.

У вугорскую сталіцу яна прыехала 16 верасьня, купіла там новы мабільны тэлефон і нібыта ўсталявала «праграму для зашыфраваных канфідэнцыйных размоваў». Потым патэлефанавала беларусу, а той падлучыў да іх размовы супрацоўніка КДБ Беларусі. У часе гэтай сустрэчы Кардаш нібыта атрымала заданьне ўладкавацца на працу ў Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яе ад пачатку цікавіла толькі Ўкраіна». Чым у Беларусі займалася журналістка Іна Кардаш, якую СБУ абвінавачвае ў шпіянажы на карысьць КДБ

Якую інфармацыю перадавала ў КДБ

Як вынікае з матэрыялаў справы, на працу ў штаб яе ўзялі ўжо ў лістападзе. У дакумэнтах адзначаецца, што прынамсі з 21 лістапада да 19 сьнежня яна «сыстэмна зьбірала службовую інфармацыю» — фатаграфавала дакумэнты і запісвала размовы іншых супрацоўнікаў штабу, а запісы потым перадавала ў Беларусь.

У паведамленьні СБУ аб затрыманьні Іны Кардаш сьцьвярджалася, што ёй наўмысна падкідвалі інфармацыю з грыфам «Таемна», якая насамрэч была выдуманай і ня мела статусу сакрэтнай.

Дзе адбылося затрыманьне

Затрыманьне праводзілі ў цэнтры Кіева — у рэстаране грузінскай кухні Khachapuri Ta Vyno. Пасьля затрыманьня правялі ператрусы на месцы яе жыхарства і на працоўным месцы ў Каардынацыйным штабе. У рэстаран яна прыйшла з сумай 2 150 даляраў, якія ў яе арыштавалі. Пры ёй таксама былі два мабільныя тэлефоны Samsung і iPhone, а таксама вонкавы цьвёрды дыск.

На месцы жыхарства ў яе забралі два ноўтбукі, пляншэт і яшчэ адзін мабільны тэлефон, дакумэнты і квіткі ў Будапэшт, прадмет з надпісам «Тратылавая шашка 75 г», а на месцы службы — яшчэ адзін дыктафон і нататнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ Беларусі за мяжой: як вярбуюць, шантажуюць і выкрываюць