У Менску — праблемы з вывазам сьмецьця, але ўлады сьцьвярджаюць, што яны лякальныя

Ілюстрацыйнае фота

У дзяржаўным аб’яднаньні «Менская гарадзкая жыльлёвая гаспадарка» заявілі, што інфармацыя аб «крытычнай сытуацыі з вывазам сьмецьця ў Менску не адпавядае рэчаіснасьці».

«Асобныя выпадкі часовых збояў у вывазе сьмецьця сапраўды фіксаваліся па шэрагу адрасоў і мелі адзінкавы і кароткатэрміновы характар. Іх прычынай сталі аб’ектыўныя фактары — складаныя ўмовы надвор’я, а таксама шчыльная паркоўка асабістага транспарту, якая ўскладняла праезд спэцтэхнікі», — адзначаецца ў паведамленьні ведамства.

Улады запэўнілі, то цяпер сытуацыя цалкам знаходзіцца пад кантролем камунальных службаў сталіцы. «Усе праблемныя ўчасткі адпрацаваныя ў апэратыўным парадку, кантэйнэрныя пляцоўкі ачышчаныя, вываз адкідаў ажыцьцяўляецца ў штатным рэжыме», — заявілі ў Менскай гарадзкой жыльлёвай гаспадарцы і заклікалі жыхароў сталіцы не распаўсюджваць непацьверджаную інфармацыю.

З сярэдзіне студзеня ў сацыяльных сетках Instagram i Tik-Tok жыхары Менску апублікавалі відэаролікі, у якіх зьнялі, як сьмецьце вывозілі часткова, пакідаючы большасьць адкідаў каля кантэйнэраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады на роўным месцы стварылі палітычны блэкаўт. Аналіз Валера Карбалевіча