Алесь Бяляцкі ўзяў удзел у сустрэчах у парлямэнце Нарвэгіі

Алесь Бяляцкі з дэпутатамі Стортынгу

Старшыня беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна», ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году Алесь Бяляцкі 10 лютага ўзяў удзел у мерапрымствах нарвэскага парлямэнту — Стортынгу.

У Стортынгу Алесь Бяляцкі сустрэўся са старшынём парлямэнту Масудам Гарахані і дэлегацыяй Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, паведамляе сайт Вясны. Сустрэчы адбыліся ў цёплай і канструктыўнай атмасфэры, асноўная ўвага была нададзеная сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Масуд Гарахані падкрэсьліў важнасьць асабістай сустрэчы зь беларускім праваабаронцам:

«Я зь нецярпеньнем чакаў магчымасьці сустрэцца з Алесем Бяляцкім, які, нягледзячы на велізарныя асабістыя цяжкасьці, не адступіў ні на крок у сваёй барацьбе за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі», — адзначыў ён.

У час сустрэч асобна абмяркоўвалася становішча з палітычнымі зьняволенымі. Кіраўнік дэлегацыі Стортынгу ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Марыюс Арыён Нільсэн падкрэсьліў, што гэтая праблема застаецца вострай:

«Мы зь вялікай радасьцю сачылі за вызваленьнем Алеся Бяляцкага ў сьнежні 2025 году. У той жа час у Беларусі па-ранейшаму знаходзяцца шмат палітычных зьняволеных, і для нас важна атрымаць ўяўленьне пра іх становішча», — сказаў ён.

Запрашэньне Алесю Бяляцкаму накіравала дэлегацыя Стортынгу ў Арганізацыі ў бясьпецы і супрацы ў Эўропе (АБСЭ). У арганізацыі падкрэсьліваюць, што дэмакратыя і правы чалавека зьяўляюцца ключавымі элемэнтамі шырокага разуменьня бясьпекі. У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел сябры дэлегацыі Стортынгу ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Бяляцкі наведаў Нарвэскі Нобэлеўскі інстытут. ФОТА


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Бяляцкі напісаў калёнку для New York Times: «Я, магчыма, і вольны, але беларускі народ — не»