«Сыстэму немагчыма зьмяніць знутры, і паскардзіцца няма каму». Былая зьняволеная распавяла пра парадкі ў жаночай калёніі

Жаночая калёнія ў Гомлі, архіўнае фота

Каго ў жаночай калёніі называюць «абавязанай», чаму зьняволеныя фізычна апустошваюцца на прыборцы сьнегу, калі жанчыны чуюць найбольш пахабных жартаў ад ахоўнікаў, якая мэдычная дапамога чакае зьняволеную ў выпадку хваробы?

Пра гэта праваабаронцам «Вясны» распавяла былая палітзьняволеная гомельскай жаночай калёніі, якая была вызваленая і дэпартаваная зь Беларусі 13 сьнежня 2025 году.

«Абавязаная» дзецям ці калёніі

На першае месца ў сваім расповедзе пра ПК-4 Сьвятлана (імя зьмененае з прычын бясьпекі) паставіла становішча ў калёніі жанчын, якіх называюць «абавязанымі». Гэтак у калёніі называлі асуджаных жанчын, дзяцей якіх утрымліваюць у апекуноў альбо ў дзіцячых прытулках. Паводле Сьвятланы, з чалавечымі і грамадзянскімі правамі такіх жанчын адміністрацыя калёніі і ахоўнікі не лічацца. Гэтыя высновы былая палітзьняволеная праілюстравала фактамі і назіраньнямі.

«Наколькі непаважліва і дрэнна там ставяцца да правоў жанчын, асабліва жанчын зь дзецьмі! Іх права на свабодныя зносіны з уласнымі дзецьмі ўсяляк парушаюць: зьневажаюць, шантажуюць, караюць. Могуць забараніць перапіску зь дзіцем, не аддаваць лісты ад дзяцей, не адпраўляць лісты маці дзецям, не дазваляць спатканьне.

То бок, спатканьне могуць даць, а могуць і ня даць. Або зрабіць так, што спатканьне будзе прызначана на даты, калі дзіця ня зможа прыехаць — напрыклад, калі яго няма каму прывезьці. Альбо зробяць так, каб маці не пасьпела паведаміць пра спатканьне. Ніхто не дазволіць, напрыклад, патэлефанаваць і сказаць, што спатканьне прызначана празь пяць дзён. А ліст за гэты час проста не пасьпее дайсьці», — распавяла Сьвятлана.

Паводле гісторый «абавязаных» жанчын, зь якімі сутыкнулася і пра якія чула Сьвятлана, яна зрабіла выснову, што большасьць усё ж клапоціцца пра сваіх дзяцей, але часта ўжо ня ў стане ім дапамагчы.

«Не скажу, што ўсе, але ёсьць жанчыны, якія сапраўды шкадуюць, што трапілі ў калёнію, і хочуць выплачваць пазыкі. Аднак сыстэма пабудавана гэтак, што іх даўгі перад дзяржавай толькі назапашваюцца», — заўважае Сьвятлана.

Паводле назіраньняў Сьвятланы, працоўныя месцы для зьняволеных у калёніі ёсьць як з добрай аплатай, гэтак і значна меншай, якой ня хопіць нават на абавязковыя выплаты калёніі за сваё ўтрыманьне, ня кажучы пра выплаты на дзяцей. Сьвятлана заўважыла, што адміністрацыя калёніі часта выкарыстоўвае разьмеркаваньне на гэтыя працоўныя месцы, не зважаючы на тое, хоча жанчына дапамагаць сваім дзецям ці не.

«Добрых месцаў менш, чым ахвотных іх атрымаць, але, мне здаецца, можна было б уваходзіць у становішча тых жанчын, якія сапраўды імкнуцца выплачваць грошы на дзяцей. Часта ж на гэтыя месцы ставяць зусім ня іх, а зь якой нагоды, я ня ведаю. Маё меркаваньне простае: жанчынам, якія хочуць клапаціцца пра сваіх дзяцей, трэба дапамагаць. Але гэтага не адбываецца», — кажа Сьвятлана.

«Ніхто ня ўлічвае, што гэта жанчыны»

Паводле Сьвятланы, жаночая калёнія ў сэнсе строгасьці рэжыму значна горшая, чым многія мужчынскія. Стаўленьне да жанчын у жаночай калёніі бесчалавечнае — супрацоўнікі наогул ня ўлічваюць, што жанчыны фізычна слабейшыя, мяркуе Сьвятлана. Былая палітзьняволеная кажа, што ў жаночай калёніі, дзе яна адбывала пакараньне, няма ніякіх тэхнічных сродкаў каб палегчыць цяжкую фізычную працу.

«Увесь інвэнтар — ручны. Максымум вядро ці нешта падобнае. Няма міні-трактароў, каб прыбіраць сьнег або ваду. Усё пераносяць рукамі», — кажа Сьвятлана.

«Для пераносу сьнегу або пяску ніхто не выдае спэцыяльныя вёдры — ты мусіш неяк здабыць сродкі сама. Пры гэтым купіць нешта не заўсёды магчыма, а тое, што прадаецца ў краме калёніі, часта не разьлічана на такія нагрузкі. Вельмі шмат так званых „інвэнтарных прац“, калі ты проста носіш усё, што загадваюць перанесьці. У мяне склалася ўражаньне, што адміністрацыя такім чынам эканоміць грошы», — кажа жанчына.

Яна мяркуе, што ў бюджэце калёніі грошы на такія працы закладваюцца, але яны ідуць на іншыя рэчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Экстрэмістак» больш, чым у 2023-м. Марына Золатава расказала пра жанчын, якія застаюцца за кратамі

«Супрацоўнікі стаяць і спакойна абмяркоўваюць, хто прыгожая, хто не»

«Хачу расказаць і пра непаважлівае стаўленьне з боку супрацоўнікаў. Гэта пахабныя жарты, камэнтары аб зьнешнасьці. Летам супрацоўнікі стаяць, калі мы ідзём строем на працу або з працы, і спакойна абмяркоўваюць, хто ім падабаецца, хто прыгожая, хто не.

Яны могуць паклікаць любую жанчыну і размаўляць зь ёй, як хочуць. Ты абавязаная гэта трываць.

Плюс пастаянныя агляды вонкавага выгляду. Усё павінна быць прышытае ідэальна. Ліквідаваць недахопы ты мусіш сама, хоць самастойна шыць на фабрыцы забаронена», — заўважае Сьвятлана.

Былая зьняволеная згадала сытуацыю, калі супрацоўнік падчас агляду загадаў ёй распрануцца, каб праверыць, што ў яе апранута пад паўпаліто.

«Сказаў наўпрост „Распранайся!“ І сам тон быў настолькі зьневажальны, што я доўга не магла гэта перажыць. Потым я проста навучылася ставіцца да гэтага спакайней», — прызналася Сьвятлана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзяўчаткі імкнуліся яе аберагаць». Гісторыя асуджанай за данаты Натальлі Левай, якая рыхтуецца нарадзіць за кратамі

Мэдыцына: «Пакуль ня будзеш паміраць, на выклік не прыйду»

Вельмі сумныя ўспаміны ў Сьвятланы пра сыстэму мэдычнай дапамогі ў калёніі і, у прыватнасьці, пра тамтэйшых мэдыкаў.

«Пра мэдыцыну казаць асабліва цяжка. Калі табе дрэнна, ты можаш ляжаць невядома колькі, пакуль хтосьці прыйдзе на выклік. Часта там у мэдыках працуюць людзі, якія прама кажуць: „Пакуль ня будзеш паміраць — не прыйду“.

Бываюць сытуацыі, калі жанчыне дрэнна, а іншыя асуджаныя нясуць яе на руках або ў коўдрах да санчасткі. Гэта ненармальна. Няма насілак, няма крэсла, каб перавезьці чалавека. У атрадзе няма таномэтра, нават градусьніка няма. Гэтую сыстэму ўнутры калёніі немагчыма зьмяніць, і паскардзіцца няма каму», — з болем прызнае былая палітзьняволеная Сьвятлана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У калёніі ў Івацэвіцкім раёне была аварыя сыстэмы ацяпленьня. Былыя палітвязьні расказалі, як зімавалі ў «Воўчых норах»