Як вынікае з фота, апублікаваных дзяржаўным агенцтвам «БелТА», у межах раптоўнай праверкі Ўзброеных сіл, абвешчанай з 16 студзеня, у баявую гатоўнасьць прывялі 38 асобную гвардзейскую дэсантна-штурмавую брыгаду (дысьлякуецца ў Берасьці) і 120 асобную мэханізаваную брыгаду (дысьлякуецца ва Ўруччы, Менск).
«Сёньня мы працягваем праверку шэрагу вайсковых частак. Гэты этап характарызуецца раптоўнасьцю, якая захоўваецца, комплекснасьцю і шырынёй выкананьня пастаўленых задач, а таксама маштабнасьцю», — сказаў Аляксандар Вальфовіч.
Паводле яго, у поўную баявую гатоўнасьць прывялі «шэраг вайсковых частак Заходняга і Паўночна-Заходняга апэратыўных камандаваньняў, некалькі вайсковых частак і падразьдзелаў сіл спэцыяльных апэрацый».
Вальфовіч дадаў, што праверка гатоўнасьці вайсковых частак будзе праходзіць у некалькіх лякацыях, у тым ліку паблізу дзяржаўнай мяжы.
«У часе выкананьня задач будуць адпрацоўваць пытаньні супрацьдзеяньня дывэрсійна-выведным групам праціўніка. Па прыбыцьці ў прызначаныя раёны арганізуюць сыстэму інжынэрных загародаў, а таксама адпрацуюць пытаньні вядзеньня абарончага бою. Пасьля адпрацоўкі тактычных эпізодаў ва ўмовах узьдзеяньня дывэрсійна-выведных груп праціўніка злучэньні і вайсковыя часткі вернуцца на палігоны, дзе зь імі правядуць кантрольныя заняткі па агнявой і фізычнай падрыхтоўцы», — паведаміў Вальфовіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвешчаная Лукашэнкам раптоўная праверка Ўзброеных сіл Беларусі будзе праходзіць да вясны16 студзеня Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся правесьці маштабную праверку Ўзброеных сілаў Беларусі. Гэтай праверцы папярэднічалі супольныя штабныя вучэньні беларускага войска, якія праводзілі 13–16 студзеня пад кіраўніцтвам начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Паўла Муравейкі.
26 студзеня стала вядома, што раптоўную праверку будуць праводзіць да вясны.