Куба заявіла, што ў яе скончылася авіяцыйнае паліва

Аэрапорт у Гаване, архіўнае фота

Улады Кубы ў панядзелак папярэдзілі міжнародныя авіякампаніі, якія робяць рэйсы ў краіну, што да аўторка на востраве скончацца запасы авіяцыйнага паліва.

У апавяшчэньні для авіякампаній гаворыцца пра тое, што паліва для запраўкі самалётаў ня будзе як мінімум месяц — да 11 сакавіка. Пры гэтым двума днямі раней прадстаўнікі ўладаў заяўлялі, што авіязносіны ня будуць закрануты цяперашнім паліўным крызісам.

Куба ў пытаньні паставак авіяцыйнага паліва апошнім часам залежала ад Вэнэсуэлы, дзе ва ўладзе знаходзіўся дружалюбны Гаване рэжым Нікаляса Мадура. Аднак паведамляецца, што зь сярэдзіны сьнежня, калі ЗША дэ-факта ўвялі блякаду экспарту нафты з Вэнэсуэлы, Куба не атрымлівала ад Каракаса ні сырую нафту, ні прадукты яе перапрацоўкі. Пастаўкі не аднавіліся і пасьля захопу Мадура амэрыканскімі вайскоўцамі і вывазу яго ў ЗША.

Злучаныя Штаты ў студзені заявілі, што будуць прымаць захады па недапушчэньні паставак паліва на Кубу, і ў прыватнасьці ўводзіць дадатковыя пошліны супраць краін-пастаўшчыкоў.

Агенцтвы адзначаюць, што на Кубе не ўпершыню ўзьнікае крызіс з авіяцыйным палівам у сувязі з эканамічнай блякадай з боку ЗША. У мінулым годзе авіякампаніі вырашалі гэтую праблему так, што дазапраўлялі самалёты ў суседніх краінах, такіх як Панама, Багамы, Дамініканская рэспубліка ці нават у ЗША. У панядзелак, як паведамляецца, большасьць рэйсаў на Кубу выконваліся па раскладзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайскоўцы ЗША затрымалі яшчэ адзін танкер «ценевага флёту»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вэнэсуэле ў межах амністыі палітвязьняў на волю выйшлі вядомыя апазыцыянэры, але аднаго зь іх затрымалі ў той жа дзень