Да гадавіны маштабнай вайны ва Ўкраіне Эўразьвяз рыхтуе 20-ы пакет санкцый. Што ў ім датычыць Беларусі

Чакаецца, што новыя санкцыі Эўразьвязу супраць Расеі і Беларусі будуць прадстаўленыя да 24 лютага.

Прапановы высокага прадстаўніка Эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў (EEAS) уключаюць 103 дадатковыя захады за дзеяньні супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і тычацца санкцыйнага рэжыму для Расеі і Беларусі.

Мэты 20-га пакету санкцый

Як гаворыцца ў дакумэнце, да якога атрымала доступ Радыё Свабода, першай мэтай выступае скарачэньне даходаў Расеі. Прапаноўваецца нацэліцца на некалькі нафтавых кампаній, каб закрыць любыя «лазейкі».

Таксама прапаноўваецца ўвесьці санкцыі супраць шэрагу іншых кампаній, якія займаюцца выведкай, бурэньнем і транспартаваньнем нафты, а таксама супраць нафтаперапрацоўчых заводаў у Расеі, якія пацярпелі ад украінскіх удараў, каб прадухіліць удзел апэратараў Эўразьвязу ў іх рамонце.

Таксама ў Брусэлі мяркуюць, што трэба падтрымліваць ціск на «ценевы флёт» Расеі, у тым ліку ў трэціх краінах, у прыватнасьці ў Аб'яднаных арабскіх эміратах (ААЭ).

Другая мэта: зьмяншэньне расейскага ваенна-прамысловага патэнцыялу. 20-ты пакет санкцый дадасьць больш за 30 кампаній і зьвязаных зь імі асобаў у расейскім ваенна-прамысловым сэктары, якія да гэтага часу пазьбягалі санкцый.

Акрамя таго, у адпаведнасьці з заклікамі Эўрапейскай рады, чыноўнікі засяродзіліся на ўзьдзеяньні на трэція краіны, якія спрыяюць Расеі. Для 20-га пакету далучаюць яшчэ 13 сьпісаў, зьвязаных з пастаўкамі розных складнікаў зь Беларусі, а таксама з ААЭ, Казахстану, Кітаю і Ўзбэкістану.

Чакаюцца дадатковыя санкцыі ў дачыненьні да 6 расейскіх прапагандыстаў; 8 афіцэраў, адказных за забойствы ва ўкраінскай Бучы; і 3 асоб і арганізацый, якія ўдзельнічалі ў гвалтоўным выкраданьні ўкраінскіх дзяцей. Ёсьць таксама 4 пункты, зьвязаныя з прысабечаньнем украінскай культурнай спадчыны.

Новыя санкцыі супраць Беларусі

Адносна Беларусі ў новым пакеце санкцый прапануецца распаўсюдзіць на яе існуючыя супраць Расеі абмежавальныя захады. У тым ліку забарону на экспарт у краіну тавараў, якія выкарыстоўваюць перадавыя тэхналёгіі, прамысловых трактароў з магутнасьцю рухавіка больш за 130 кВт, мэталаапрацоўчых станкоў, шкляных вырабаў для лябараторый, гумы, змазачных матэрыялаў, якія функцыянуюць пры розных тэмпэратурах, і шэрагу іншых матэрыялаў, рэчываў і прыстасаваньняў.

  • ЭЗ прапануе забараніць аказаньне Беларусі паслугаў у сфэры кібэрбясьпекі. Забарона будзе дзейнічаць у дачыненьні да дзяржаўных органаў і структураў, што дзейнічаюць ад іх імя.
  • Упершыню ў санкцыйны сьпіс трапляе турызм. ЭЗ хоча забараніць працу турагенцтваў і турапэратараў, паслугі гідаў і рэкляму турыстычных паездак у Беларусь. Для кантрактаў, якія ўжо дзейнічаюць, прадугледжаны кароткі пераходны пэрыяд.
  • Каб паменшыць абыход санкцый, ЭЗ плянуе пашырыць спіс тавараў і тэхналёгій, забароненых для транзыту праз тэрыторыю Беларусі.
  • ЭЗ таксама прапануе дадатковыя забароны на імпарт тавараў зь Беларусі, у тым ліку дадатковых відаў сыравіны, карысных выкапняў, мэталаў, хімічных рэчываў, гумавых вырабаў, дублёных шкураў.
  • Таксама ўзмацняецца юрыдычная абарона для кампаній з Эўразьвязу ад пазоваў ня толькі зь беларускага боку, але і ад суб'ектаў з трэціх краін, якія могуць пацярпець праз санкцыі ЭЗ адносна Беларусі.

Што было б вядома пра 20-ы пакет санкцый раней

Праект 20-га пакета санкцый Эўразьвязу супраць Расеі прадугледжвае поўную забарону на марскія паслугі, зьвязаныя з пастаўкамі расейскай нафты, узмацненьне экспартных абмежаваньняў, новыя забароны на тавары і паслугі — ад гумы да трактароў і паслуг у сфэры кібэрбясьпекі — на суму больш як 360 мільёнаў эўра.

Пад санкцыі трапяць яшчэ 43 судны, якія ЭЗ лічыць часткай расейскага «ценевага флёту», іх агульны лік вырасьце да 640.

Эўразьвяз таксама абмяжуе набыцьцё танкераў «для выкарыстаньня ў складзе ценявога флёту» і забароніць паслугі па тэхнічным абслугоўваньні і іншых відах работ для танкераў і ледаколаў, якія перавозяць звадкаваны прыродны газ, у дадатак да ўжо дзеючай забароны на яго імпарт.

Акрамя таго, абмежаваньні закрануць яшчэ 20 расейскіх рэгіянальных банкаў, а таксама кампаніі і плятформы, зьвязаныя з крыптавалютамі.

Сярод іншых захадаў — забарона на імпарт мэталаў, хімікатаў і крытычна важных мінэралаў, якія раней не падпадалі пад санкцыі, на суму больш за 570 мільёнаў эўра, а таксама дадатковыя экспартныя абмежаваньні на тавары і тэхналёгіі, у тым ліку матэрыялы для вытворчасьці выбуховых рэчываў. Эўразвяз таксама прапануе ўвесьці квоту на аміяк, каб абмежаваць існуючы аб’ём імпарту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз прэзэнтаваў 20-ы пакет санкцый супраць Расеі, які закране і «трэція краіны»