Распрацоўнік праграмаваньня для супрацоўнікаў страхаваньня EIS звальняе ў польскім офісе 23% штату, пра што супрацоўнікі кампаніі расказалі Devby.
Значная частка супрацоўнікаў польскага аддзяленьня кампаніі — беларусы, рэлякаваныя ў Польшчу ў 2022 годзе. Мяркуючы па LinkedIn, у Польшчы жывуць 126 супрацоўнікаў EIS (восем зь іх са статусам «адкрытыя для працы»). Паводле іншых зьвестак, у Польшчы каля 150 чалавек. Гэта значыць скарачэньне ў Польшчы можа закрануць 30-35 чалавек.
Увесь штат на працоўных дамовах, супрацоўнікам прапануюць або скарачэньне з 3-месячным пэрыядам выплаты поўнага заробку, або звальненьне па пагадненьні бакоў з аналягічнай кампэнсацыяй, плюс кампэнсацыяй за стаж у кампаніі.
«Згодна з чуткамі, кіраўнікі ведалі пра звальненьне яшчэ ў сьнежні. Але начальства запэўнівала, што нас не скароцяць», — кажа крыніца.
З словаў крыніцы, супрацоўнікі абмяркоўваюць розныя прычыны такога рашэньня, ад «паказаць інвэстару больш прыбытку» да «падрыхтоўкі кампаніі да продажу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штат беларускіх IT-кампаніяў у Літве за год скараціўся на 15%, найбольшае скарачэньне — у EPAMМяркуючы па ўсім, скарачэньне ў EIS — глябальнае. Паводле Devby, у студзені паведамленьні пра скарачэньне прыходзілі як мінімум з офісаў у Грузіі і ЗША. Усяго ж аддзяленьняў значна больш, у кампаніі ёсьць прадстаўніцтвы ў Літве, Латвіі, Украіне, Кітаі, Ірляндыі, Канадзе, Бразыліі і іншых краінах. Але скарачэньні былі і ў папярэднія гады.
Некаторыя супрацоўнікі мяркуюць, што такім чынам кампанія можа вырашаць фінансавыя праблемы, абнаўляючы штат і набіраючы людзей на тыя ж пазыцыі, але на больш нізкія зарплаты.
EIS — міжнародная кампанія-распрацоўнік воблачнай плятформы для аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў страхавых кампаній. Заснаваная ў 2008 годзе, штаб-кватэра ў Сан-Францыска, ЗША. Агульны штат супрацоўнікаў — да 5 тыс. чалавек. Сядзіба ў Беларусі ў 2021 годзе налічвала 240 чалавек, кампанія плянавала павялічыць колькасьць на 30%. У 2022 годзе гэтыя пляны не ўдаліся, і ўсё скончылася вялікай рэлякацыяй супрацоўнікаў у розныя краіны і закрыцьцём менскага прадстаўніцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звальненьні ў беларускай ІT-кампаніі сьпісалі на штучны інтэлект