Пра гэта ён расказаў у інтэрвію расейскаму дзяржаўнаму агенцтву ТАСС.
Паводле Пратасевіча, такі бэкграўнд, як лічыць кіраўніцтва каналу, «дадаткова прыцягвае ўвагу» аўдыторыі. «Гэта азначае і праверку часам, і дакладнасьць інфармацыі, якую я падаю», — сказаў ён. Ён таксама адзначыў, што праграма часам атрымлівае «эксклюзіўную інфармацыю, якая раней нідзе не агучвалася».
Пратасевіч не выключае, што будзе пашыраць сваю дзейнасьць і па-за межамі цяперашняга фармату. Паводле яго, ёсьць «пэўныя пляны» на спэцпраекты, асабліва калі гаворка ідзе пра «сур’ёзныя пытаньні», якія ён можа «ў тым ліку дзякуючы свайму мінуламу асьвятліць дадаткова». Сваю дзейнасьць ён тлумачыць жаданьнем «садзейнічаць пытаньням нацыянальнай бясьпекі».
- Раман Пратасевіч стаў вядомы як адзін з рэдактараў тэлеграм-каналаў NEXTA і «Беларусь галаўнога мозгу». У траўні 2021 году самалёт, якім ён ляцеў з Афінаў у Вільню, прымусова пасадзілі ў Менску, пасьля чаго яго затрымалі. У 2023 годзе суд прысудзіў яму восем гадоў калёніі паводле абвінавачаньняў у «экстрэмісцкай дзейнасьці», аднак ужо празь некалькі тыдняў ён быў памілаваны.
- Пазьней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Пратасевіч супрацоўнічаў зь беларускай выведкай. Сам Пратасевіч пацьвердзіў гэтыя словы без камэнтароў. Пасьля памілаваньня ён спрабаваў вярнуцца ў мэдыя, працаваў на розных няпрофільных працах, а пазьней стаў вядоўцам дзяржаўнага тэлебачаньня.
- Сам Пратасевіч цяпер фактычна прызнае, што менавіта мінулыя сувязі са спэцслужбамі сталі адным з фактараў ягонай новай кар’еры і доступу да інфармацыі, якую ён выкарыстоўвае ў эфіры.