Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратасевіч у якасьці выведніка працаваў за мяжой у баявой абстаноўцы — Тэртэль


Раман Пратасевіч. Ілюстрацыйны каляж
Раман Пратасевіч. Ілюстрацыйны каляж

Раман Пратасевіч зьяўляецца супрацоўнікам зьнешняй выведкі, заявіў дзяржСМІ 24 сьнежня старшыня Камітэта дзяржаўнай бясьпекі Іван Тэртэль.

«Пацьвярджаю: так, Пратасевіч зьяўляецца супрацоўнікам нашай зьнешняй выведкі. Гэты чалавек працаваў на тэрыторыі шэрагу дзяржаў у баявой абстаноўцы. Выконваў важныя задачы. Вядома, пра іх я казаць не магу. Напэўна, да канца (так бывае ў нашай прафэсіі) гэта не будзе раскрыта. Але яго ўнёсак быў дастаткова сур’ёзным па шэрагу аспэктаў», — сказаў кіраўнік КДБ.

Напрыклад, дадаў ён, калі ў 2020 годзе сілавікі «зьбіраліся кожны дзень і абмяркоўвалі, чаго чакаць ад чарговых спробаў перавароту», на такіх нарадах кіраўнік КДБ «справаздачыўся пра задумы праціўніка». «У тым ліку хто куды будзе ісьці, рэгуляваць, дзе яны плянуюць што рабіць і іншыя аспэкты. Хто гэтым планаваньнем займаўся, хто выходзіў у якасьці разьведчыкаў тут па розных месцах лякацыі, плянаваў гэтыя дзеяньні па сутычках з супрацоўнікамі міліцыі, па нанясеньні шкоды пэўным эканамічным аб’ектам», — адзначыў Тэртэль.

У гэтай інфармацыі быў «сур’ёзны працэнт» зьвестак, якія здабываліся Пратасевічам, сьцьвярджае кіраўнік спэцслужбы.

«Таму нашыя праваахоўныя органы дзейнічалі ў той пэрыяд дастаткова ўпэўнена, ведалі, як сытуацыя будзе разьвівацца. Акрамя таго, цалкам дзякуючы яго працы мы валодалі дынамікай стварэньня гэтых падрыўных цэнтраў: хто за імі стаяў, хто фінансаваў, хто (да прыкладу, былы прэм’ер Польшчы) прыяжджаў туды, якія грошы абяцаў, з якога фонду, колькі пасад выдзелілі на варшаўскі офіс, які там „дзеячы культуры“ пэўныя цяпер спрабуюць разьвіваць беспасьпяхова. Гэта яго праца», — заявіў старшыня КДБ.

Упершыню пра тое, што Пратасевіч зьяўляўся супрацоўнікам КДБ на момант затрыманьня ў аэрапорце Менска, заявіў 31 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласьць.

«Доўга распавядаць не буду, — сказаў ён. — Пратасевіч — гэта супрацоўнік нашай выведкі. Нам трэба было яго затрымліваць? А вось пытаньне, чаму яны (самалёт Ryanair. — «Позірк».) у Вільню ляцелі, там ня селі, а разьвярнуліся і ў Менск прыляцелі, селі пасьля званка, што ў іх на борце там нейкая выбухоўка... Ну сядайце, вы ў Вільню ляцелі, над Вільняй былі — сядайце. Разьвярнуліся, прыляцелі ў Менск. Я кажу: «Ну што, праводзьце апэрацыю, ён жа пад прыкрыцьцём працаваў гэтых зьбеглых. Праводзьце апэрацыю як сьлед. Прыйшлося нам апэрацыю праводзіць па яго затрыманьні».

Паводле сьцьвярджэньня Лукашэнкі, беларускаму боку ня трэба было затрымліваць Пратасевіча і на той момант яго дзяўчыну грамадзянку Расеі Сафію Сапегу. «Ён прыехаў у Грэцыю, яго туды выклікалі, ён далажыў разьведчыкам усё, што нас цікавіла, атрымаў заданьне і ляцеў назад. Туды, дзе працаваў, праз Вільню. Нас абвінавацілі ў затрыманьні апазыцыянэра. А ён не наш апазыцыянэр. Мы не затрымлівалі апазыцыянэра. Вось увялі санкцыі», — сказаў ён.

Пратасевіч у свой час набыў шырокую вядомасьць як адзін з рэдактараў папулярнага тэлеграм-канала Nexta, які адыграў важную ролю ў каардынацыі беларускіх пратэстаў у 2020 годзе.

Пратасевіч і Сапега былі затрыманыя 23 траўня 2021 года ў выніку арганізаванай беларускімі ўладамі вымушанай пасадкі ў Менску самалёта Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню.

Менскі абласны суд 3 траўня 2023 года прыгаварыў Пратасевіча, які пайшоў на супрацоўніцтва са сьледзтвам на той момант, да 8 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

22 траўня 2023 года Пратасевіч быў памілаваны. Сапегу, асуджаную на 6 гадоў зняволеньня, памілавалі ў чэрвені.

  • Улады неаднаразова выкарыстоўвалі Пратасевіча ў сваёй прапагандзе. Ён стварыў адмысловы тэлеграм-канал, пэўны час ён першым агучваў прозьвішчы палітвязьняў, якія былі памілаваныя. адзін час даручалі называць прозьвішчы палітвязьняў, якіх вызвалялі. Нядаўна Рамана Пратасевіча ўзялі вядоўцам на СТБ.
  • Інцыдэнт з прымусовай пасадкай самалёта ў траўні 2021 года прывёў да міжнароднага скандалу, у выніку якога над Беларусьсю перасталі ажыцьцяўляць палёты многія эўрапейскія авіякампаніі, а для беларускіх самалётаў усе сумежныя краіны, акрамя Расеі, закрылі неба.
  • У ліпені 2022 года сфарміраваная Саветам Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) рабочая група выпусьціла справаздачу аб расьсьледаваньні інцыдэнту, у якім беларускія ўлады былі абвінавачаныя ў стварэньні ілжывай пагрозы для пасадкі борта і затрыманьня апанэнтаў рэжыму.
  • «Пасьля разгляду вынікаў праверкі фактаў Савет ІКАО прызнаў, што пагроза выбуху бомбы на борце FR4978 Ryanair была загадзя ілжывай, што падарвала бясьпеку рэйса, акрамя таго, гэтая пагроза была даведзеная да лётнага экіпажа па ўказаньні высокапастаўленых службовых асоб Беларусі», — падкрэсьлівалася ў паведамленьні арганізацыі.
  • Лукашэнка назваў справаздачу аб інцыдэнце фальсыфікацыяй. Да гэтага ён рэкамэндаваў ІКАО «спусьціць усё на тармазах, не лезьці ў нетры».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG