Першыя беларускія нэўтральныя спартоўкі — лыжніца Ганна Каралёва і канькабежка Марына Зуева — ужо ўзялі ўдзел у спаборніцтвах. Зуева пасьля забегу на 3000 м атрымала 15-е месца. Паводле спартоўкі, яна незадаволеная сваім вынікам. «Мне падабалася ўсе апошнія дні, як усё выглядала на лёдзе, якія сэкунды паказвала. А сёньня не ўдалося прабегчы на той час, на які разьлічвала. Можа быць, адыграла ролю тое, што я дастаткова перахвалявалася, заўзятараў шмат», — цытуе Зуеву прэс-служба Нацыянальнага алімпійскага камітэту.
Лыжніца Каралёва фінішавала 34-й. «Умовы на трасе даволі няпростыя. Некалькі дзён запар ішоў дождж, і траса пры плюс 6 разьбіваецца вельмі моцна, даводзілася ехаць па кашы. Асабліва было небясьпечна на спусках. У цэлым, станам сваім я задаволена ў такіх умовах. Па кашы не люблю бегаць, але як ёсьць», — пракамэнтавала яна свой дэбют на Алімпіядзе.
10 лютага Ганна Каралёва пазмагаецца за выхад у чвэрцьфінал у лыжным спрынце клясычным стылем. 12 лютага яна выступіць у разьдзельнай гонцы на 10 км каньковым стылем, а Марына Зуева бяжыць дыстанцыю 5000 м на канькабежным авале.
17–18 лютага пройдуць спаборніцтвы фрыстайлістак Ганны Гуськовай, Анастасіі Андрыянавай і Ганны Дзяругі. Экспэрты лічаць, што Гуськова, якая выйграла Алімпіяду ў 2018 годзе і мела срэбра ў 2022-м, мае найбольш шанцаў на мэдаль з усіх беларусак, якія сёлета трапілі на гульні. Гуськова выйдзе на кваліфікацыйныя выступленьні 17 лютага а 12:45. Фінал у фрыстайлістак заплянаваны на 15:30 серады 18 лютага.
На 17–19 лютага заплянаваныя выступы ў фігурным катаньні, ад Беларусі ўдзельнічае Вікторыя Сафонава. 17-га яна прадставіць кароткую праграму, а 19-га — адвольную.
18 лютага ў гарналыжным слаламе стартуе Марыя Шканава, для яе гэта ўжо пятая Алімпіяда.
Усяго на зімовай Алімпіядзе разыгрываецца 116 камплектаў узнагарод. Завяршацца гульні 22 лютага.