Меркаваны шпіён ФСБ і КДБ працаваў у Міністэрстве абароны Польшчы больш за 30 гадоў

Міністэрства абароны Польшчы

У Польшчы разгортваецца чарговы шпіёнскі скандал. У лютым проста ў будынку Міністэрства абароны арыштавалі мужчыну, якога падазраюць у шпіянажы на дзьве краіны — Беларусь і Расею.

Мужчына, якога арыштавалі 3 лютага, адпраўлены пад 3-месячны арышт рашэньнем пракурора. Тым часам пра абставіны справы робіцца вядома ўсё больш. Расьсьледаваньне вядзе Служба вайсковай контравыведкі.

Шпіёну можа пагражаць ад 8 гадоў да пажыцьцёвага зьняволеньня.

Затрыманаму Ўладзімежу П. 60 гадоў. Яго абвінавачваюць паводле артыкулу 130, часткі 2 Крымінальнага кодэксу Польшчы, які прадугледжвае пакараньне за шпіянаж на карысьць замежных выведак, піша «Польскае радыё».

Падазраваны быў цывільным супрацоўнікам Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы больш за 30 гадоў, з 2020 году меў доступ да сакрэтнай інфармацыі абароннага ведамства.

Вайсковая контравыведка некалькі месяцаў сачыла за дзейнасьцю мужчыны і зьбірала доказы яго агентурнай працы. Афіцэры адсочвалі дзейнасьць падазраванага, старанна дакумэнтавалі і аналізавалі ягоныя дзеяньні, сабраная доказная база ацэньваецца як дастаткова моцная. Паводле неафіцыйных паведамленьняў польскіх СМІ, ён быў супрацоўнікам Дэпартамэнту стратэгіі і абароннага плянаваньня. У прыватнасьці, вёў рэестар аб’ектаў, якія маюць асаблівае значэньне для бясьпекі краіны.

У апошнія месяцы перад арыштам дзеяньні службоўца цалкам кантралявала Служба вайсковай контрвыведкі.

Зь неафіцыйных крыніц польскім журналістам стала вядома, што падазраваны выяжджаў у Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ Беларусі за мяжой: як вярбуюць, шантажуюць і выкрываюць

Намесьнік міністра абароны Польшчы Станіслаў Узёнтэк сказаў Польскаму радыё, што цягам трох месяцаў сьледчыя органы выставяць мужчыну абвінавачаньне або, у выпадку браку доказаў, ён будзе вызвалены. Залежыць лёс падазраванага і ад таго, ці будзе ён супрацоўнічаць са сьледзтвам.

Дзейнасьць расейскіх спэцслужбаў у Польшчы актывізавалася пасьля пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Зь лютага 2022 году ў Польшчы завялі 71 крымінальную справу аб шпіянажы на карысьць Расеі і Беларусі.

Аднак расейскія агенты не абмяжоўваюцца шпіянажам. Да кастрычніка 2025 году ў краіне з падазрэньнем у дывэрсіях, у тым ліку на чыгунцы, затрымалі 55 чалавек. Зь іх 11 беларусаў.

Расейскія агенты прыцягваюць людзей для дывэрсіяў, абяцаючы вялікія ўзнагароды, у асноўным праз тэлеграм-чат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можна выявіць агентаў КДБ у дэмакратычных структурах?