Ужо сёньня: дзень народзінаў Аркадзя Куляшова

Аркадзь Куляшоў, архіўнае фота

Падзеі 6 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

6 лютага 1914 году нарадзіўся Аркадзь Куляшоў, народны паэт Беларусі. Перакладчык клясычнай паэзіі з расейскай, украінскай ды іншых моваў, суаўтар сцэнараў шэрагу фільмаў. У 1947–1978 гадах быў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР.

Спакойнага шчасьця ня зычу нікому:
Навошта грымотам маланка бяз грому,
Навошта ручай безь пякучае смагі,
Халодная ўвага, ня вартая ўвагі,
Жаданьні, што прагныя крылы згарнулі,
Зязюля бязь лесу і лес безь зязюлі?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Таемны сшытак

Гэты дзень у гісторыі

1191 — рымскі папа Клімэнт III зацьвердзіў статут Тэўтонскага ордэна.

Герб БССР у 1927–1937 гадах. Надпісы на ўсіх дзяржаўных мовах

1922 — у РСФСР ствараецца палітычная спэцслужба — Галоўнае палітычнае ўпраўленьне пры НКВД (ГПУ).

У гэты дзень нарадзіліся

1800Ігнат Кулакоўскі, беларускі і польскі паэт, этнограф, пэдагог.

1898 Леў Акіншэвіч, беларускі і ўкраінскі правазнаўца і гісторык.

1899 Францішак Пяткевіч, беларускі грамадзкі дзяяч, лекар.

1906Антон Згіроўскі, актор трупы Галубка, ахвяра сталінізму.

1906Тамаш Падзява, грэка-каталіцкі сьвятар-марыянін, філёзаф, тэоляг, публіцыст, рэлігійна-культурны дзяяч, вязень савецкіх канцлягераў.

1911 Рональд Рэйган, 40-ы прэзыдэнт ЗША.

Рональд Рэйган

1914Тодар Лебяда, беларускі паэт і журналіст.

Надпіс на сьцяне 95-й камэры

Мне лёсам вызначаны гэтакі прымус.
Аб шчасьці сяньня можна сьніць і марыць
За тое, што я толькі — беларус —
Мне гэтакая кара!
Я кару іхную з пагардаю прыняў,
Бо я — сын верны Маці-Беларусі.
І я сьвятога, гордага імя
Не адракуся!!!

1928 Уладзімер Стальмашонак, беларускі мастак. Ён стварыў партрэты Францыска Скарыны, Кірылы Тураўскага, Пятра Мсьціслаўца, Эўфрасіньні Полацкай, прадстаўнікоў роду Радзівілаў, Якуба Коласа і Рыгора Шырмы.

Уладзімер Стальмашонак

1945 Боб Марлі, ямайскі сьпявак і гітарыст, найбольш вядомы выканаўца ў стылі рэгі.

1955 — Аляксандар Лукашук, пісьменьнік, рэдактар, журналіст, публіцыст і перакладчык. 7-ы кіраўнік беларускай службы Радыё Свабода (з 1998 па 2023 год). Ляўрэат прэміяў Беларускага ПЭН-Цэнтру — імя Францішка Багушэвіча (1998), імя Алеся Адамовіча (2018), прэміі Таварыства вольных літаратараў «Гліняны Вялес» (2011), прэміі Акадэміі візуальнага мастацтва (Нью-Ёрк, 2014).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Лукашук: Радыё Свабода — там, дзе няма цемнаты

1963Валер Гапееў, пісьменьнік.

Валер Гапееў

У памяці

1918Густаў Клімт, аўстрыйскі мастак.