Пракуратура выкрыла карупцыю ў будаўнічай сфэры, завялі шэсьць справаў за хабары

Будаўніцтва дарогі ў Беларусі. Архіўнае фота

Кіраўнікі дзяржаўных дарожна-будаўнічых арганізацыяў бралі з пастаўнікоў тэхнікі хабары сумай да 12 тысяч рублёў, паведаміла Генэральная пракуратура Беларусі.

Як заявіла Кацярына Нагорная, намесьніца начальніка ўпраўленьня Генэральнай пракуратуры, упраўленьне барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю пракуратуры ў выніку сумеснай з падразьдзеламі барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС праверкі завяло шэсьць крымінальных справаў аб атрыманьні хабараў мэнэджарамі дзяржаўных арганізацыяў, у тым ліку дарожна-будаўнічых.

«Згодна з матэрыяламі, грошы перадавалі падазраваным за станоўчае вырашэньне пытаньняў канкрэтных закупак у канкрэтнага прадпрыемства ў якасьці пастаўніка дэталяў для абслугоўваньня дарожна-будаўнічай тэхнікі, за заключэньне дамоваў і іх своечасовую аплату, а таксама за бесьперашкодную аплату выкананых працаў, складаньне актаў і іншае спрыяньне.

Сумы хабараў складалі да 12 тысяч рублёў. Віна службоўцаў пацьверджаная сярод іншага матэрыяламі праверкі да сьледзтва, вынятымі першаснымі ўліковымі дакумэнтамі, банкаўскай інфармацыяй і інфармацыяй бухгальтарскага ўліку», — заявіла яна.

Кацярына Нагорная сказала, што арыштаваныя прызналі віну і абавязаліся кампэнсаваць нелегальны даход.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадзенскай вобласьці на хабары затрымалі аднаго з кіраўнікоў сельгаспрадпрыемства
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура паведаміла пра затрыманьне за хабар кіраўніцтва трох страхавых кампаній
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-кіраўніка Беларускай чыгункі асудзілі на 11 гадоў пазбаўленьня волі, але скарацілі пакараньне па амністыі