Дзяржсакратар ЗША: сьпіс рознагалосьсяў па Ўкраіне скараціўся, але пытаньні засталіся

Марка Рубіё, 4 лютага 2026 году

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што лік нявырашаных пытаньняў у межах урэгуляваньня канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай скараціўся, але «найбольш складаныя» зь іх, як і раней, застаюцца.

«Мы мяркуем, што дасягнулі рэальнага прагрэсу. Калі паглядзець на сьпіс адкрытых пытаньняў, які быў у гэты ж час летась, і на сьпіс адкрытых пытаньняў цяпер у рамках рэгіянальнага мірнага пагадненьня паміж Украінай і Расеяй, то ён істотна скараціўся», — сказаў Марка Рубіё.

Паводле яго, гэта і ёсьць добрая навіна, а дрэнная ў тым, што «засталіся найбольш складаныя пытаньні», а вайна працягваецца.

Марка Рубіё падкрэсьліў, што ЗША маюць намер і далей захоўваць прыхільнасьць перамоўнаму працэсу. Паводле яго, прарыў ва ўкраінскім урэгуляваньні можа адбыцца ў момант, калі сытуацыя выглядае безнадзейнай.

«Важна разумець: калі мова ідзе аб спыненьні ўзброенага канфлікту, часта ўсё выглядае абсалютна безнадзейна да таго часу, пакуль не адбываецца такі прарыў, часам зусім нечаканы. Менавіта так было з Газай», — сказаў ён.

4 лютага ў Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) пачаўся чарговы раунд перамоў Расеі, Украіны і ЗША па завяршэньні вайны. Сустрэча працягвалася прыблізна 5 гадзін і праходзіла ў закрытым рэжыме. Бакі прадоўжаць перамовы 5 лютага.

Пасьля гэтых перамоў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што неўзабаве адбудзецца абмен палоннымі.

«Трэба вяртаць палонных дадому. І ўвогуле наша ўкраінская пазыцыя вельмі дакладная: вайну трэба завяршаць рэальна. Менавіта Расея павінны быць гатова да гэтага. І таксама партнэры павінны быць гатовымі забясьпечыць гэта рэальна сваімі рэальнымі гарантыямі — гарантыямі бясьпекі, — сваім рэальным ціскам на агрэсара», — заявіў увечары 4 лютага Ўладзімір Зяленскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Абу-Дабі стартавалі чарговыя перамовы ў трохбаковым фармаце Ўкраіна — ЗША — Расея