Пасьля вымовы ад Лукашэнкі чыноўнікі ў беларускіх гарадах зьменшылі асьвятленьне вуліц. ВІДЭА

Ілюстрацыйнае фота

Увечары 4 лютага ў беларускім сэгмэнце сеціва зьявіліся сотні камэнтароў ад людзей, якія абураюцца тым, што рэзка зьніжаны ўзровень аьсвятленьня на вуліцах.

Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка абурыўся тым, што дзяржава нібыта выдатковае велізарныя грошы на вулічнае асьвятленьне. У прыватнасьці, ён запатрабаваў уключаць асьвятленьне толькі, а 20-й гадзіне, а выключаць, а 7-й раніцы.

Незадаволенасьць Лукашэнкі выклікала тое, што ў Менскай вобласьці «ўсё сьвеціцца», а вулічнае асьвятленьне падключаецца ўжо, а 18-й гадзіне. Чыноўнікі сказалі, што быццам некарэктна працуюць фотаэлемэнты, што адказваюць за ўключэньне ліхтароў. Тады Лукашэнка запатрабаваў адрэгуляваць іх да такой ступені, каб асьвятленьне ўключалася не раней за 20-ю гадзіну.

Пасьля крытыкі Лукашэнкі ў вобласьцях правялі тэрміновыя нарады ў пытаньні асьвятленьня вуліц.

Пры гэтым у Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі раней нагадвалі, што найбольш небясьпечны для стварэньня аварыйных становішчаў на дарогах час — зьмярканьне і сьвітанак. Беларусь знаходзіцца ў такім геаграфічным становішчы, што ў зімовы пэрыяд у краіне вельмі рана наступае цемра і агулам сьветлавы дзень меншы за цёмны час содняў.

Як раней заяўлялі ў «Менскэнэрга», у Менскай вобласьці ўдзельная вага асьветленых вуліц у буйных населеных пунктах павінна складаць ня менш як 80%, тады як для малых вёсак і пасёлкаў дапушчальна ўсяго два вулічныя ліхтары — на ўезьдзе і выезьдзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі перанесьлі падвышэньне камунальных паслуг на сакавік