Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі перанесьлі падвышэньне камунальных паслуг на сакавік

Сантэхнічная брыгада на выкліку пры начной аварыі ў Жодзіне
Сантэхнічная брыгада на выкліку пры начной аварыі ў Жодзіне

Паводле ранейшага пляну Лукашэнкі, тарыфы павінны былі вырасьці яшчэ ў студзені.

Пра перанос падвышэньня тарыфаў ЖКГ на 1 сакавіка паведаміў канал «Пул первого».

«У выніку цяперашніх умоў надвор’я і ўстойліва нізкай тэмпэратуры паветра ў студзені гэтага году на ацяпленьне выдаткавана, паводле папярэдніх разьлікаў, на 45% больш цеплавой, электрычнай энэргіі і прыроднага газу, чым у сьнежні 2025-га. Гэта прагназавана павінна прывесьці да росту плацяжоў насельніцтва за ацяпленьне. Рашэньне прынятае зыходзячы з падыходаў па недапушчэньні дадатковай нагрузкі для грамадзян пры аплаце за жыльлёва-камунальныя паслугі», — гаворыцца ў допісе.

У канцы студзеня быў падпісаны ўказ, паводле якога падвышаць тарыфы на «камуналку» плянавалася ў два этапы — з 1 студзеня і 1 чэрвеня. Так, у студзені павінны былі падаражэць усе паслугі, акрамя ацяпленьня і гарачай вады. Рост — на 17,05 рубля. З 1 чэрвеня плянавалі падняць тарыфы на ацяпленьне і гарачую ваду — на 3,95 рубля.

Нагадаем, што ў студзені ў Беларусі адбылося шмат аварый на цеплатрасах, шэраг раёнаў у асобных гарадах на пэўны час заставаўся без ацяпленьня і гарачае вады. Напрыклад, аварыі адбыліся ў Менску, Жодзіне, Барысаве, Смалявічах і ня толькі.

Галіна ЖКГ ужо некалькі тыдняў прыцягвае пільную ўвагу Лукашэнкі. Раней ён абурыўся нібыта высокай тэмпэратурай у батарэях грамадзян, загадаўшы яе зьнізіць. Таксама Лукашэнка заявіў, што дзяржава нібыта выдаткоўвае агромністыя грошы на вулічнае асьвятленьне і загадаў чыноўнікам зьменшыць яго.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG