Пра перанос падвышэньня тарыфаў ЖКГ на 1 сакавіка паведаміў канал «Пул первого».
«У выніку цяперашніх умоў надвор’я і ўстойліва нізкай тэмпэратуры паветра ў студзені гэтага году на ацяпленьне выдаткавана, паводле папярэдніх разьлікаў, на 45% больш цеплавой, электрычнай энэргіі і прыроднага газу, чым у сьнежні 2025-га. Гэта прагназавана павінна прывесьці да росту плацяжоў насельніцтва за ацяпленьне. Рашэньне прынятае зыходзячы з падыходаў па недапушчэньні дадатковай нагрузкі для грамадзян пры аплаце за жыльлёва-камунальныя паслугі», — гаворыцца ў допісе.
У канцы студзеня быў падпісаны ўказ, паводле якога падвышаць тарыфы на «камуналку» плянавалася ў два этапы — з 1 студзеня і 1 чэрвеня. Так, у студзені павінны былі падаражэць усе паслугі, акрамя ацяпленьня і гарачай вады. Рост — на 17,05 рубля. З 1 чэрвеня плянавалі падняць тарыфы на ацяпленьне і гарачую ваду — на 3,95 рубля.
Нагадаем, што ў студзені ў Беларусі адбылося шмат аварый на цеплатрасах, шэраг раёнаў у асобных гарадах на пэўны час заставаўся без ацяпленьня і гарачае вады. Напрыклад, аварыі адбыліся ў Менску, Жодзіне, Барысаве, Смалявічах і ня толькі.
Галіна ЖКГ ужо некалькі тыдняў прыцягвае пільную ўвагу Лукашэнкі. Раней ён абурыўся нібыта высокай тэмпэратурай у батарэях грамадзян, загадаўшы яе зьнізіць. Таксама Лукашэнка заявіў, што дзяржава нібыта выдаткоўвае агромністыя грошы на вулічнае асьвятленьне і загадаў чыноўнікам зьменшыць яго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Смалявічах дзясяткі дамоў засталіся без ацяпленьня. Гэта ўжо пяты горад, у якім адбылася аварыя за апошнія дні