КДБ Беларусі за мяжой: як вярбуюць, шантажуюць і выкрываюць

Затрыманая ва Ўкраіне Іна Кардаш, Аляксандар Лукашэнка. Ілюстрацыйны каляж

Сярод каго КДБ вярбуе шпіёнаў і шпіёнак? Як украінскія спэцслужбы выявілі Іну Кардаш, якая, паводле іх, пад выглядам журналісцкай працы шпіёніла для КДБ Беларусі? Як можна адмовіцца ад супрацы са спэцслужбамі? І што пагражае выкрытаму агенту спэцслужбаў Беларусі ў Эўразьвязе і іншых краінах?

Мэтады і працу спэцслужбаў Беларусі ў «ПіКу Свабоды» Ганна Соўсь абмяркоўвае з украінскім журналістам Аляксандрам Загародным, прадстаўніцай беларускай Народнай амбасады ў Славеніі Аляксандрай Мамаевай, якую спрабаваў завэрбаваць КДБ, адвакатам, экс-кандыдатам на прэзыдэнта Алесем Міхалевічам і дарадцам Ціханоўскай у юрыдычных пытаньнях Леанідам Марозавым.

Глядзець дыскусію на відэа цалкам


0:55
Як украінскія спэцслужбы выйшлі на Іну Кардаш?
05:15 Як яна здолела ўвайсьці ў давер да высокіх службоўцаў?
8:30 Што варта рабіць, калі з вамі камунікуюць беларускія спэцслужбы?
14:16 Наколькі рэальныя пагрозы блізкім зь іх боку?
19:20 Чым рызыкуюць беларусы, якія з розных прычынаў пагаджаюцца на супрацу са спэцслужбамі ў іншых краінах?
21:49 Наколькі пасьпяховай была апэрацыя КДБ ва Ўкраіне з удзелам Іны Кардаш?
23:31 Якое можа быць пакараньне за шпіянаж у краінах ЭЗ, ва Ўкраіне, іншых краінах сьвету?
25:34 Наколькі сур’ёзнай можа быць помста спэцслужбаў за адмову ў супрацы?
30:05 Якія спосабы ёсьць, каб выявіць агентаў спэцслужбаў у дэмсілах?
34:01 Сярод каго КДБ вярбуе шпіёнаў і шпіёнак?

Тут фрагмэнт размовы з Аляксандрам Загародным, карэспандэнтам украінскага тэлеканалу 1+1, які працоваў з гісторыяй Іны Кардаш.

— 27 студзеня ў Кіеве супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны затрымалі грамадзянку Беларусі, 35-гадовую журналістку Іну Кардаш. СБУ апублікавала запісы апэратыўнага сачэньня за арыштаванай, зь якіх вынікае, што яна зьбірала інфармацыю аб дзейнасьці ўкраінскіх спэцслужбаў і дзяржаўных органаў, якую за грашовую ўзнагароду перадавала беларускаму КДБ. Іна Кардаш, якая зьехала зь Беларусі пасьля пратэстаў 2020-га, пад выглядам журналісцкай працы вяла шпіёнскую дзейнасьць для КДБ Беларусі і спрабавала інфільтравацца ў адзін з падразьдзелаў украінскай вайсковай выведкі. Як украінскія спэцслужбы выйшлі на Іну Кардаш?

— Звычайна спэцслужбы не раскрываюць сваіх мэтадаў працы, але тут яны нам распавялі. Яны заўважылі вельмі актыўную дзейнасьць гэтай беларускай журналісткі. Яна вельмі часта наведвала Адміністрацыю прэзыдэнта, высокіх чыноўнікаў, а таксама наведвала розныя пасольствы, у асаблівасьці — пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі. Відавочна, спэцслужбы Ўкраіны сочаць за тымі людзьмі, якія прыходзяць у гэтае пасольства. І яны вырашылі проста праверыць, чаму гэтая журналістка туды ходзіць і хто яна. Высьветлілася, што яна наогул зьяўляецца грамадзянкай Беларусі. Гэта яшчэ больш прыцягнула ўвагу спэцслужбаў. Было распачатая крымінальная справа, і далі дазвол на ўстаноўку падслухоўваючых прыладаў. І літаральна першыя ж размовы, як мне паведамілі супрацоўнікі СБУ, паказалі, што яна сапраўды зьяўляецца шпіёнкай і перасылае вельмі шмат інфармацыі ў КДБ.

— А як доўга спэцслужбы за ёй назіралі і калі вырашылі затрымаць?

— Яны кажуць, што гэта цягнулася ўжо некалькі гадоў. Яны зацікавіліся ёй пасьля таго, як убачылі, што яна вельмі часта заходзіць у праўладныя кабінэты. Калі вы можаце пабачыць, яна брала інтэрвью і ў кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, яна езьдзіла на сустрэчы з прэзыдэнтам, на розныя міжнародныя канферэнцыі. То бок яна была паўсюль, яна была ўсюды. І калі яны атрымалі доступ да яе тэлефона, яны ўбачылі, што ў яе ёсьць тэлефоны ўсіх вядучых палітыкаў Украіны — наўпроставыя нумары. Яна ім нешта пісала, нешта ў іх запытвала. І з таго моманту ўсё і пачалося. Спэцслужбы пераконваюць, што ім удалося злавіць момант, калі яна інтэгравалася ў Інтэрнацыянальны легіён і ўжо пачынала даведвацца прозьвішчы людзей, якія там служаць. Калі яны пачалі сачыць за Інай, было сапраўднае зьдзіўленьне ад таго, як гэтая дзяўчына спрабуе інтэгравацца ў Галоўнае ўпраўленьне разьведкі. Гэта ж, ведаеце, мозг нашай вайны. Там сур’ёзныя людзі, якія плянуюць сур’ёзныя апэрацыі, і ёй дазволілі там працаваць. Пры гэтым яны пераконваюць, што яна там нічога не выведвала, бо ёй давалі толькі тую інфармацыю, якую спэцслужбы лічылі патрэбнай. Але ёсьць відэа, як яна фатаграфуе закрытыя чаты, карыстаецца дыктафонам, заходзіць на нарады. Гэта было поўнае зьдзіўленьне. Я размаўляў з прадстаўнікамі спэцслужбаў, яны кажуць: «Мы чакалі чаго заўгодна ад расейскіх спэцслужбаў. Але каб беларускія спэцслужбы так глыбока праніклі ўжо ў наша Галоўнае ўпраўленьне разьведкі — гэта было сапраўдным зьдзіўленьнем».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яе ад пачатку цікавіла толькі Ўкраіна». Чым у Беларусі займалася журналістка Іна Кардаш, якую СБУ абвінавачвае ў шпіянажы на карысьць КДБ

— На сайце Свабоды выйшаў вялікі матэрыял пра гісторыю Іны Кардаш: дзе яна нарадзілася, як стала журналісткай, таксамап пра тое, што яна з самага пачатку сваёй журналісцкай кар’еры займалася амаль выключна ўкраінскай тэматыкай. Суразмоўцы Свабоды таксама ўспамінаюць, што прыкладна з 2016 года Іна Кардаш пачала пэрыядычна зьяўляцца на дыпляматычных прыёмах, арганізаваных амбасадай Украіны ў Менску. А як яна здолела ўвайсьці ў давер да высокіх украінскіх чыноўнікаў у такія сур’ёзныя структуры? Што яна для гэтага выкарыстоўвала?

— Абсалютна клясічная гісторыя і прыёмы, якія, думаю, выкарыстоўваюцца ўжо тысячу гадоў, калі адзін паважны мужчына просіць іншага дапамагчы маладой дзяўчыне, якая хоча пабудаваць сваю кар’еру. Іна Кардаш даволі эфэктная дзяўчына, яна ўмее ўваходзіць у давер. Яна пазнаёмілася з кіраўніком вядучага ўкраінскага інфармацыйнага агенцтва. На той момант яму было 55 гадоў, ёй — 25, гэта быў 2016 год. Яны падтрымлівалі адносіны. Яна заставалася ў Беларусі, але калі прыйшоў 2020 год, пад выглядам таго, што яна апазыцыйная журналістка і ёй пагражае небясьпека, яна пераяжджае ва Ўкраіну, успамінае свайго знаёмага і ўладкоўваецца ў вядучае інфармацыйнае агенцтва краіны. Кіраўнік знаёміць яе з галоўнымі палітыкамі краіны. Яна працуе і ў гэты ж час ужо выконвае заданьні супрацоўнікаў КДБ.

І тут для мяне важны адзін момант. Іне Кардаш плацілі 3000 эўра ў месяц. Я чуў гэта асабіста зь яе размоваў з куратарам. Гэтыя запісы існуюць. Але я думаю, што яна працавала не дзеля грошай. У іншых размовах пастаянна гучала прыкладна такое: «Я ж ня проста з КДБ працую, я працую з людзьмі значна вышэй, якія наўпрост супрацоўнічаюць з першай асобай краіны». Мы разумеем, пра каго ідзе гаворка. І яе гэта захапляла: што яна дзесьці там блізка да Лукашэнкі, што выконвае нейкую асаблівую місію, што яна такая крутая і што ў яе ўсё будзе вельмі добра.

І калі яна спрабавала завэрбаваць, дарэчы, грамадзяніна Беларусі, камандзіра баявога падразьдзяленьня, які тры гады ваяваў на фронце, яна якраз і спрабавала падкупіць яго гэтым, тлумачачы, што яна вельмі крутая, што за ёй стаяць вельмі сур’ёзныя людзі і што, калі ўзьнікнуць нейкія праблемы, яна ўсё вырашыць, бо яна вельмі сур’ёзная асоба.

— Што ёй цяпер пагражае паводле ўкраінскага заканадаўства?

— Гэта можа быць да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Але супрацоўнікі СБУ казалі, што Іна Кардаш абсалютна спакойная. Яна разумее, што калі пойдзе на супрацоўніцтва са сьледзтвам, нічога ня будзе адмаўляць, сьледзтва пройдзе даволі хутка. Прыкладна за год справа завершыцца. Яна атрымае тэрмін, а потым яна абсалютна перакананая, што яе абмяняюць на кагосьці, магчыма, з палонных украінскіх вайскоўцаў. Больш за тое, яна кажа: «Я вярнуся ў Беларусь, стану нацыянальнай гераіняй, бо працавала на карысьць сваёй дзяржавы».

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.