Скараціліся падатковыя паступленьні ў бюджэт Літвы ад бізнэсаў зь беларускімі каранямі

Вільня, архіўнае фота

У лік найбуйнейшых фірмаў Літвы зь беларускімі каранямі трапілі тры ІТ-кампаніі і мясакамбінат.

Як паведамляе аналітычны рэсурс Thinktanks, буйныя бізнэсы зь беларускімі каранямі, зарэгістраваныя ў Літве, у 2025 годзе зьнізілі выплаты ў бюджэт гэтай краіны. Рэсурс прааналізаваў зьвесткі дзяржаўнай падатковай інспэкцыі Літвы.

«Як і ў выніках 2024 году, у топ-500 у 2025 годзе апынуліся чатыры кампаніі, якія маюць беларускіх уласьнікаў. Гэта тры кампаніі IT-бізнэсу, дзьве зь якіх (EPAM sistemos і Wargaming Vilnius) увайшлі ў першую пяцёрку найбуйнейшых падаткаплатнікаў у сваёй галіне.

У сьпіс трапіла адно мясаперапрацоўчае прадпрыемства, Krekenavos agrofirma з Кейданскага раёну. Яго саўладальніца — грамадзянка Беларусі Юлія Ўспаскіх-Круцікава. Усе кампаніі зь беларускімі каранямі „здалі пазыцыі“ ў рэйтынгу», — паведамляе Thinktanks.

«EPAM sistemos, дачка аднаго з усясьветных IT-лідэраў, з 72-га месца ў 2024 годзе перамясьцілася на 97-ы радок у 2025 годзе. Wargaming Vilnius з 109-га — на 128-ы; Krekenavos agrofirma з 119-га — на 200-ы; Gurtam з 262-га на 317-ы. У 2025 годзе гэтая чацьвёрка заплаціла на 15% менш падаткаў, чым годам раней»,— піша рэсурс.

Калі ў 2024 годзе сукупная сума пералічаных названымі кампаніямі ў бюджэт Літвы грошай склала 49,7 млн. эўра, то ў 2025 годзе — ужо 43,1 млн. эўра.

У тым ліку паменшалі падаткі:

  • EPAM sistemos — з 17,8 млн. да 15,9 млн. эўра;
  • Wargaming Vilnius — з 13,3 млн. да 12,5 млн.;
  • Krekenavos agrofirma — з 12,3 да 8,6 млн.;
  • Gurtam — з 6,3 да 6,0 млн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Штат беларускіх IT-кампаніяў у Літве за год скараціўся на 15%, найбольшае скарачэньне — у EPAMЗаснавальнік EPAM падзякаваў ЗША за дапамогу ў выхадзе на волю беларускіх палівязьняўАд «ІТ-каталізатара» да «крыптамахляроў» і падзеньня экспарту: Як зьмяніўся беларускі Парк высокіх тэхналёгійБеларускія ІТ-кампаніі ў Літве працягваюць скарачаць каманды, Wargaming — у топе па адтокуЛетась Літву пакінулі больш за 10% беларускіх IT-спэцыялістаў