Чаму Лукашэнку так абурылі аплядысмэнты для звольненага чыноўніка

Нарада Лукашэнкі ў пытаньнях сацыяльнага-эканамічнага разьвіцьця Віцебскай вобласьці. 3 лютага 2026

Сьцісла

  • Віцебская вобласьць стала яскравым прыкладам сацыяльна-эканамічнага заняпаду.
  • Адпраўленага ў адстаўку кіраўніка Віцебскай вобласьці праводзілі аплядысмэнтамі. І гэта моцна абурыла Лукашэнку.
  • Нараду па Віцебскай вобласьці Лукашэнку давялося праводзіць, каб паказаць чыноўнікам, хто ў хаце гаспадар.
Новую нараду па Віцебскай вобласьці Лукашэнку давялося праводзіць не дзеля абмеркаваньня праекту ўказу, а каб паказаць тамтэйшым чыноўнікам, хто ў хаце гаспадар. Бо, калі яны перасталі баяцца найвышэйшага гневу, то гэта дрэнны сымптом для ўладара.

Увесь 2025 год Лукашэнка шмат разоў згадваў Віцебскую вобласьць як «знак бяды», як рэгіён заняпаду. Дзеля выратаваньня сытуацыі 24 кастрычніка мінулага года ў Віцебску адбылася нарада па разьвіцьці рэгіёна. Лукашэнка тады канстатаваў «абуральныя факты безгаспадарлівасьці, разгільдзяйства». Але, выглядае, вынікаў тая нарада не дала. Таму ўзьнікла тэрміновая неабходнасьць рабіць новыя захады, каб выратаваць сытуацыю.

15 студзеня новым кіраўніком Віцебскай вобласьці прызначаны Аляксандр Рагожнік. Здавалася б, паводле нармальнай лёгікі, варта было б даць новаму старшыні аблвыканкама час, каб асвоіцца на новай пасадзе, увайсьці ў курс спраў.

Але не. 3 лютага Аляксандр Лукашэнка раптам правёў новую нараду на тэму, якая стала ўжо амаль дзяжурнай: што далей рабіць зь Віцебскай вобласьцю? Фармальна, нарада прысьвечаная абмеркаваньню праекту ўказу аб адтэрміноўцы выплаты даўгоў гэтым рэгіёнам.

Лукашэнка чарговы раз прызнаў, што за ўсімі чыноўнікамі сочаць, праслухоўваюць іх кулюарныя размовы

Аднак, падаецца, сэнс нарады больш глыбокі. Лукашэнка адрынуў праект указа, бо ён у цяперашнім выглядзе «ні да чорта не прыдатны». Але для таго, каб адмовіцца падпісваць гэты дакумэнт, такую вялікую нараду праводзіць не абавязкова. Таму, гледзячы па ўсім, тут у гэтым пытаньні ёсьць другі пласт, прыхаваны палітычны падтэкст.

Лукашэнка на нарадзе патлумачыў, чаму вымушаны быў зьняць з пасады былога кіраўніка Віцебшчыны Аляксандра Субоціна. І ягоны аповед вельмі паказальны:

«Разьвітваючыся з губэрнатарам пасьля нарады (у кастрычніку 2025 года ў Віцебску. — заўвага БелТА), я думаў, што ён заўтра пабяжыць на адну фэрму, на другую, на трэцюю. Хоць з людзьмі пагаворыць, паставіць ім задачы. Нікіціна (намесьніца старшыні Віцебскага аблвыканкама. — РС) сьледам пабяжыць разам зь іншымі. А не пабеглі. Мы праманіторылі… Некаторыя, паводле апэратыўнай інфармацыі (мы ж гэта таксама праманіторылі), гавораць: „Ну нічога, час пройдзе, усё ўляжацца“… Разумеючы, што як было, так і будзе ў Віцебскай вобласьці, мне давялося замяніць губэрнатара».

У гэтым сюжэце два цікавыя моманты. Па-першае, Лукашэнка чарговы раз прызнаў, што за ўсімі чыноўнікамі сочаць, праслухоўваюць іх кулюарныя размовы. Гэта цяпер называецца «праманіторылі». То бок сочаць ня толькі за апазыцыянэрамі, але і за высокімі намэнклятуршчыкамі. У несвабоднай краіне «пад каўпаком» усе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прызнаньне Лукашэнкі ў праслухоўваньні чыноўнікаў — прыкмета адкату сыстэмы да сталінскіх часоў

І вось што выявіў «маніторынг». Ня толькі Субоцін зь Нікіцінай не пабеглі выконваць загады Лукашэнкі. Аказваецца і іншыя высокія чыноўнікі паставіліся да дырэктываў Лукашэнкі абыякава. Маўляў, «усё ўляжацца», ня варта моцна зьвяртаць увагі. То бок разносаў Лукашэнкі перасталі баяцца. І вось гэта якраз моцна зачапіла ўладара.

Але гэта яшчэ ня ўсё. Высьветліліся яшчэ больш цікавыя рэчы. Аказваецца, калі кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Дзьмітры Круты прадставіў кіроўнаму складу вобласьці новага старшыню аблвыканкама Аляксандра Рагожніка, то, паводле словаў Лукашэнкі, «тамака буйнымі аплядысмэнтамі праводзілі былога губэрнатара: „Ах, добры чалавек!“»

То бок чыноўніка, які праваліў справу, не пабег выконваць загады Лукашэнкі, трапіў амаль што ў апалу, мясцовыя чыноўнікі ацанілі вельмі высока. Як такое можа быць? Гэта ж, амаль «бунт на караблі». І Лукашэнка не хаваў свайго абурэньня. І нават уступіў у спрэчку.

Лукашэнка звольніў Аляксандра Субоціна, але для яго ўжо знайшлі месца міністра Эўразійскай эканамічнай камісіі

Зьвяртаючыся да намесьніцы старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжалікі Нікіцінай, Лукашэнка заявіў: «Спадарыня Нікіціна, вам для ведама, каб вы разумелі, што добры чалавек — гэта яшчэ ня добры прафэсіянал… Вы можаце апладзіраваць колькі заўгодна. Але лічбы — найжорсткая рэч».

І Лукашэнка стаў прыводзіць лічбы, даказваючы, у якім правале знаходзіцца Віцебская вобласьць: «Па выніку года аб’ёмы вытворчасьці зьніжаны практычна ва ўсіх галінах прамысловасьці — мінус 4%. Па асобных напрамках — нафтаперапрацоўка, машынабудаваньне — амаль на 20%… Да непрыстойных значэньняў — у паўтара раза — абваліўся экспарт тавараў. А гэта значыць, краіна недаатрымала амаль $2 млрд (паводле статыстыкі — $1,9 млрд). Няма паляпшэньняў у сельскай гаспадарцы — мінус 2,7%… І гэта ж да папярэдняга года, які таксама быў правальны».

«Вось вашыя аплядысмэнты самім сабе!» — заключыў Лукашэнка. І дадаў: «Таму перш чым квакаць, радавацца, што, вось, Субоцін абараніў вобласьць… Раскажыце новаму губэрнатару, як усё было».

Падаецца, што новую нараду па Віцебскай вобласьці Лукашэнку давялося праводзіць не дзеля абмеркаваньня праекту ўказу, а каб паказаць тамтэйшым чыноўнікам, хто ў хаце гаспадар. Бо, калі яны перасталі баяцца найвышэйшага гневу, то гэта дрэнны сымптом для ўладара.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь у 2025-м: таталітарная дзяржава без таталітарнага грамадзтва