Дэфіцыт зьнешняга гандлю $1,5 млрд не катастрофа, але ёсьць нюансы, — эканамічны аглядальнік Махоўскі

Сьцісла

  • Захаваньне памеру экспарту ў Расею — вынік патаньненьня даляру адносна беларускага і расейскага рублёў.
  • Ладная частка беларускага экспарту ў РФ — гэта рээкпарт эўрапейскага імпарту ў Беларусь.
  • Заходнія санкцыі дзейнічаюць па-рознаму на Беларусь і Расею: у Беларусі яны абмяжоўваюць экспарт, у Расеі — імпарт.
  • Вайна павялічыла транзытныя даходы Беларусі, бо транзыт праз Украіну немагчымы.
  • Калі б эканамічная сытуацыя залежала толькі ад Беларусі і Расеі, то даляр павінен быў каштаваць 3.5 беларускі рублёў. Але ёсьць яшчэ Трамп.
Адмоўнае сальда зьнешняга гандлю Беларусі ў 2025 годзе ня вельмі вялікае — прыкладна $1.5 млрд, але пакрыць яго можна будзе толькі пра дапамозе Расеі і дзякуючы ёй, мяркуе эканамічны аглядальнік, вядоўца праграмы «Оптимум» на YouTube-канале «Белорусы и рынок» Андрэй Махоўскі.

Як Беларусь гандлявала са сьветам у 2025 годзе?

— Паводле дадзеных Белстата беларуская эканоміка завяршыла 2025 год з рэкордным дэфіцытам зьнешняга гандлю таварамі — мінус 6 мільярдаў 974 мільёнаў даляраў, амаль 7 мільярдаў адмоўнае сальда. Больш за апошнія 20 гадоў большым гэты дысбалянс быў толькі ў крызісныя 2009-2010 гады. Але пры гэтым летась вырасла станоўчае сальда гандлю паслугамі — за 11 месяцаў году плюс 3,5 мільярды даляраў. Чаму так пагоршылася сальда гандлю таварамі і палепшылася — паслугамі?

Андрэй Махоўскі

— Глядзець толькі на гандаль таварамі не зусім правільна. На фінансавую стабільнасьць уплывае балянс гандлю і таварамі і паслугамі. За 11 месяцаў адмоўнае сальда гандлю і таварамі і паслугамі складала мінус 1.3 мільярды даляраў, па выніках году, за 12 месяцаў будзе, я мяркую, мінус 1.5 мільярды даляраў. Што тычыцца пагаршэньня балянсу гандлю таварамі, то прычыны даволі простыя. Ёсьць расейскі рынак, які зьяўляецца галоўным для Беларусі, на які ідзе дзьве траціны беларускага экспарту. Год таму гэта было 60%, а ў мінулым годзе летам Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гэтая доля складае ўжо 67%. Гаворыцца шмат пра пастаўкі ў краіны «далёкай дугі», у Кітай, а ў выніку залежнасьць ад Расеі толькі расьце. А ў Расеі рост эканомікі запавольваецца, у Расеі вялікі дэфіцыт бюджэту, гэта ў 4 разы больш, чым плянавалася. І ў выніку наш экспарт у Расею прасядае.

— Андрэй, не зусім так: З 2021-га па 2025-ы год уключна экспарт ва ўсе краіны сьвету вагаўся вакол значэньня 40 мільярдаў даляраў. Калі ён прасеў на расейскім накірунку, значыць, узьняўся на нейкім іншым.

— Ён прасеў на расейскім накірунку ў фізычным вымярэньні — у штуках, тонах, літрах. Але ў мінулым годзе даляр патаньнеў адносна і беларускага і расейскага рублёў. Зьмяншэньне фізычных аб’ёмаў скампэнсавалася ўмацаваньнем рублёў адносна даляру. Пры гэты заўважальна расьце імпарт. Вельмі істотна вырас імпарт зь Кітаю — машыны, тэхналёгіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі расьце адмоўнае сальда замежнага гандлю таварамі і паслугамі

Чым адрозьніваюцца санкцыі адносна Беларусі і Расеі?

— Наколькі я разумею, і з Эўразьвязам балянс істотна пагоршыўся: экспарт туды з 2021 году ўпаў у 10 разоў, імпарт адтуль — амаль не зьмяніўся. Сальда гандлю таварамі з ЭЗ — таксама адмоўнае і павялічваецца.

— З гэтым імпартам з ЭЗ цікавая рэч. Ладнай часткай гэта ж — і наш экспарт у Расею. У 10 разоў вырас імпарт аўтамабіляў з Эўразьвязу ў Беларусь. Так значна падвысіўся попыт беларусаў на эўрапейскія аўто? Зразумела, не. На продаж гэтых машын з ЭЗ былі санкцыі, на продаж у Беларусь — не было. Ну дык Беларусь купляла іх і перапрадавала ў Расею. Апошнім часам, праўда, гэтыя абмежаваньні сынхранізавалі і гэтая шчыліна зачынілася. Ну ня тое, каб зусім. Раней некаторыя тавары з ЭЗ траплялі ў Беларусь праз Польшчу і Літву, цяпер яны па абыходных шляхах трапляюць праз Турэччыну, Армэнію, Казахстан, нават праз Расею.

— Як праз Расею? Наколькі я ведаю, адносна Расеі санкцыі больш моцныя, чым адносна Беларусі.

— Ну дык Расея купляе іх праз Армэнію, Казахстан, Турэччыну. У Армэніі зараз назіраецца эканамічны бум. І не таму, што там эканоміка так ужо расквітнела. А таму што працуе канал гандлю Эўразьвязу з Расеяй праз Армэнію, яна стала гандлёвым хабам паміж ЭЗ і РФ.

— А вось яшчэ цікавы момант — тое, што імпарт з ЭЗ у Беларусь за 4 гады практычна не зьмяніўся. Аднак эўрапейскія санкцыі забараняюць пастаўкі ў Беларусь вайсковых тавараў і тавараў падвойнага прызначэньня — каб Беларусь не мацавала за кошт ЭЗ расейскую ваенную машыну. Але на імпарт тавараў з ЭЗ у Беларусь гэтыя забароны ня надта паўплывалі.

— Насамрэч ёсьць вялікія адрозьненьні ў палітыцы санкцыяў адносна Беларусі і Расеі. Адносна Расеі абмяжоўвалі яе імпарт з Захаду, адносна Беларусі — яе экспарт на Захад. Тавары падвойнага прызначэньня раней складалі невялікую частку імпарту Беларусі з ЭЗ. Іх забаранілі пастаўляць, але вырас, напрыклад, імпарт з ЭЗ аўтамабіляў, пра што я ўжо казаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвал курсу, як у 2011 годзе, хутчэй за ўсё не паўторыцца, будзе яго павольнае зьніжэньне — эканаміст Леў Львоўскі

Як пакрываць дэфіцыт зьнешняга гандлю?

— Вяртаючыся да балянсу зьнешняга гандлю. Вы сказалі, што па выніках году адмоўнае сальда ў гандлі таварамі і паслугамі складзе прыкладна 1.5 мільярды даляраў. Гэта шмат, гэта небясьпечна для эканомікі?

— Не, гэта зусім не катастрафічна. У 2009 годзе гэтае сальда была амаль мінус 6 мільярдаў даляраў, у 2010 годзе — амаль мінус 8 мільярдаў даляраў. Так што арытмэтычна гэта не праблема. Але справа ў тым, што ёсьць розныя спосабы пакрываць гэты дэфіцыт. Яго можна пакрываць інвэстыцыямі, крэдытамі, якая вам даюць, дзяржава можа эмітаваць каштоўныя паперы, дзяржаўныя аблігацыі, і прадаваць іх на фінансавых рынках. Дык вось у 2009-2011 годзе было шмат інструмэнтаў, каб пакрываць гэты дэфіцыт зьнешняга гандлю, Зараз ён меншы, але і спосабаў пакрыць яго стала менш. Разьмяшчаць свае каштоўныя паперы Беларусь зараз можа фактычна толькі ў Расеі. Ну і тэарэтычна — у Кітаі. Але Кітай на свой фондавы рынак нікога не пускае. Можна пазычаць у Расеі, але і яна дае тыя пазыкі без вялікай ахвоты. Інвэстыцыі — ізноў жа пераважна з Расеі. Ну частка з Аману, з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў, але там цікавае пытаньне — ці ня ёсьць інвэстыцыі адтуль — насамрэч беларускія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Беларусь захавала $40 млрд экспарту пасьля страты рынкаў Эўразьвязу і Ўкраіны і чаму гэта не перамога, — тлумачэньне эканаміста Крука

— А яшчэ пытаньне да таго, пра што мы гаварылі напачатку — адкуль рост станоўчага сальда ў гандлі паслугамі? Традыцыйны беларускі экспарт паслугаў — гэта транзыт і IT. ПВТ ня тое каб квітнеў, з транзытам, здавалася б, ёсьць праблемы — у рэгіёне палае вайна. За кошт чаго ж рост?

— Ёсьць яшчэ будаўнічыя паслугі, якія мы аказваем Расеі. Ну а вайна зачыняе межы і Беларусь застаецца адзіным калідорам, празь які можа ісьці транзыт. Праз Украіну ён ісьці ня можа. Значыць, ён ідзе праз Беларусь. Хаця і з гэтым не без праблемаў, Пасьля скандалаў з перакрыцьцём межаў паміж Беларусьсю і суседзямі Кітай пачаў скарачаць транзыт празь Беларусь. Але транзыт па чыгунцы ўсё роўна застаецца, бо гэта больш танна і бясьпечна.

Рублі і даляры: гульня на паніжэньне

— Вы сказалі, што паказьнікі зьнешняга гандлю Беларусі летась не ў апошнюю чаргу абумоўленыя рэзкім патаненьнем даляра. Я чуў тэорыі, што гэта вынік мэтанакіраванай палітыкі Трампа. Ён хоча палепшыць амэрыканскае сальда гандлёвага балянсу. Таньнее валюта — павялічваецца экспарт і памяншаецца імпарт. Даляр патаньнеў летась адносна і эўра, і іены, і юаня, і расейскага рубля. Ну і беларускі рубель тут за кампанію. У 2026 годзе даляр будзе далей таньнець ці ён утрымаецца на цяперашнім, даволі нізкім узроўні?

— Тут трэба аналізаваць не толькі і ня столькі беларускую эканамічную сытуацыю. Ад яе тут, па шчырасьці, мала што залежыць. Трэба глядзець на тое, што робіць Цэнтрабанк Расеі. Яго дзеяньні, дарэчы, можна прадбачыць. Дзеяньні Трампа прынамсі я прадбачыць не магу. Летась увесну я быў упэўнены, што ўвосень 2025 году даляр будзе каштаваць 3.5 беларускіх рублёў. Я рабіў гэты прагноз з гледзішча беларускай і расейскай эканомік. У Расеі і тады быў вялікі дэфіцыт бюджэту і многія расейскія эканамісты і бізнэсоўцы казалі, што каб збалянсаваць бюджэт, трэба дэвальваваць расейскі рубель, даляр павінен каштаваць сто расейскіх рублёў. А гэта як раз 3.5 беларускіх рублёў.

— Але ж і Трамп паводле той самай лёгіцы імкнуўся зрабіць больш таннай сваю валюту, каб закрыць сваю дзірку — дэфіцыт гандлёвага балянсу.

— Так. Калі сыходзіць толькі з нашых эканамічных рэаліяў, то павінна быць 3.5 рублёў за даляр. Але ня ўсё залежыць ад нас. Дакладней, усё залежыць не ад нас.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Правал у экспарце і падрыхтоўка да магчымай стагнацыі. Што адбылося зь беларускай эканомікай у 2025-м