Марыя Калесьнікава, якую вызвалілі і прымусова вывезьлі зь Беларусі летась у сьнежні, дала вялікае інтэрвію расейскаму журналісту Юрыю Дудзю, выбраныя фрагмэнты якога апублікавала «Салідарнасьць».
«Я адмовілася ад сустрэчы з Лукашэнкам»
— Да мяне прыехалі позна ўначы — і мне вельмі не спадабалася сама ідэя камунікаваць уначы ў калідорах зь дзіўнымі людзьмі, якія нават ня могуць прадставіцца, але пры гэтым задаюць пытаньні пра магчымасьць сустрэчы з Лукашэнкам. Нават сказала ахоўнікам турмы: слухайце, вы павінны мяне абараняць ад гэтых людзей, раз я ўжо тут сяджу. Хопіць ужо, пагутарыла. Я адмовілася ад сустрэчы з Лукашэнкам.
Думаю, і хтосьці яшчэ мог адмовіцца. Але думаю, што ніхто [з палітвязьняў — удзельнікаў сустрэчы] нават ня ведаў, куды яны ідуць.
А ў 2024 годзе прыходзіў для інтэрвію Пратасевіч, мне далі зразумець, што гэта будзе ўмовай маёй сустрэчы з татам. Я сумленна стрымала сваё слова і адказала на пяць пытаньняў.
Ці ўдарыла я яго? Не, вядома, я не ўжываю фізычную сілу. Камэнтаваць тое, што адбываецца вакол Пратасевіча, я б ня стала — я ня надта ў тэме гэтай гісторыі, шчыра, мяне гэта ня вельмі цікавіць.
«У мяне не было задачы зрынаць тырана»
— Калі быць шчырай, я пратэстамі ніколі не займалася. У мяне не было задачы зрынаць тырана.
Я ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі. І лічу, што тое, як мы правялі яе, пачалі зь Віктарам Бабарыкам, а потым са Сьвятланай працягнулі, — тут мала што можна памяняць. Мне здаецца, наадварот, гэта вельмі прыгожыя і натуральныя гісторыі, якія штучна немагчыма прыдумаць ці зрэжысаваць.
Што не атрымалася? Гэта складанае пытаньне. Гісторыя ж ня ведае ўмоўнага ладу. Магчыма, можна было б яшчэ больш дакладна і зразумела да кіраўніцтва краіны даносіць сваю пазыцыю пра тое, што нашы дзеяньні абсалютна мірнага характару.
Упэўненая, што дакладна нельга было рабіць — правакаваць гвалт. Мне здаецца, вельмі важна, што мы не пераступілі мяжу. Бо калі ты перасякаеш яе, ты становісься гэткім жа злачынцам, як і тыя, хто зь іншага боку. Ты гатовы праліваць кроў. Я ніколі ў жыцьці на сябе такую адказнасьць не ўзяла б і, спадзяюся, у мяне ніколі ня будзе такога выбару.
Як казаў Андрэй Сахараў, маральны выбар — гэта адзіна правільны выбар, асабліва ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. Такія думкі мне блізкія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава: Вяртаньне да нармальнага жыцьця азначае — кожны можа вярнуцца дадому«Нічога няма страшнага ў тым, што ўлада можа зьмяніцца»
— Мы адчувалі велізарную падтрымку людзей. І ўсьведамленьне таго, да якой Беларусі мы імкнёмся і якую Беларусь хочам бачыць. Гэтыя рэчы, агульнае бачаньне абʼядноўвала мільёны людзей. Гэта натхняе.
Але 9–11 жніўня былі страшныя задушэньні пратэстаў, было зразумела, што людзі загінулі, што многім цяжка. І адʼезд Сьвятланы таксама для многіх быў шокам.
На станцыі мэтро «Пушкінская» быў забіты чалавек, потым людзі стварылі там жывы мэмарыял, тоны кветак. І калі я падышла да месца, дзе пралілася ягоная кроў — напэўна, у той момант зрабіла галоўны выбар для сябе: што б ні здарылася, я застануся зь беларусамі. Бо людзі не павінны пакутаваць, а дзяржава, якая такім чынам абараняе сваю ўладу, ня мае права на жыцьцё ў Эўропе ў трэцім тысячагодзьдзі.
Мы зьвярталіся да ўлады, да элітаў, да дзяржапарату, каб паказаць ім, што нічога няма страшнага ў тым, што ўлада можа зьмяніцца. Нічога няма страшнага ў тым, што адбываюцца выбары і людзі робяць ня той выбар, які яны рабілі 25 гадоў да гэтага.
Тады мы думалі, што гэта магчыма зрабіць без крыві, бязь нейкага брутальнага гвалту. На жаль, гэты гвалт потым ужылі да нас і дагэтуль ужываюць. Спадзяюся, што надыдзе такі час, калі сама думка пра тое, што ўлада можа трансфармавацца і зьмяніцца, ня будзе так палохаць людзей, якія за яе трымаюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава: Вільня магла б «адыграць важную ролю ў фармаваньні канструктыўнага перамоўнага парадку дня» зь Менскам«Спыніць рэпрэсіі. Проста націснуць кнопку «стоп»
— Магу толькі падзякаваць Дональду Трампу за тое, што ён мяне вызваліў і вызваліў усіх іншых людзей. І я спадзяюся, што гэты працэс ня спыніцца.
Дыялёг з Лукашэнкам? Усё вельмі проста. Я тут знаходжуся, бо хтосьці з кімсьці пачаў размаўляць. Калі для таго, каб вызваліць людзей, трэба размаўляць з Лукашэнкам — я лічу, што гэта варта рабіць.
Не ацэньваю цяпер узровень іншых яго дзеяньняў, рэпрэсій, усяго астатняга. Я кажу па факце: калі ў выніку дыялёгу вызваляцца людзі, гэта добра.
Калі ў выніку дыялёгу з Эўразьвязам вернуцца амбасады. Бо ўсё адно зразумела, што дзяржавы паміж сабой падтрымліваюць нейкія адносіны, але калі ёсьць амбасада, гэта рабіць нашмат прасьцей.
Бо ніколі ў гісторыі не было так, што былі вечныя дыктатары, так? Але было так, што пасьля дыктатараў была выпаленая зямля. Навошта нам выпаленая зямля? Нам трэба, каб людзі адчувалі сябе свабодна, нам трэба падтрымліваць культуру, каб замест яе не прыходзіла нізкаякаснае расейскае.
Я не кажу палітыкам, што ім рабіць. Я кажу пра боль беларускага народу. Я кажу пра тое, як дрэнна, што людзей рэпрэсуюць, што яны сядзяць дагэтуль у турмах і пра іх забываюць. Што беларусы знаходзяцца ў ізаляцыі ў самой краіне, ня могуць нікуды выехаць.
А вось калі зноў запусьціць электрычку ў Вільню, многія будуць вельмі шчасьлівыя.
На думку Марыі Калесьнікавай, каб рэжым Лукашэнкі спыніў набіраць новых заложнікаў — гэта таксама павінна стаць прадметам размовы.
— Спыніць рэпрэсіі. Проста націснуць кнопку «стоп». У тым ліку вызваліць тых, хто на «хатняй хіміі», зьняць абмежаваньні зь людзей на працу.
Бо ў гістарычным пляне зразумела, што гэта калісьці ўсё скончыцца, калісьці яны ўсё роўна будуць размаўляць.
Чаму Лукашэнка на гэта можа пайсьці? Дзеля будучыні. Будучыні краіны, будучыні дзяцей. Магчыма, з пункту гледжаньня праявы нейкай сілы, мудрасьці. Ён жа таксама зацікаўлены ў тым, каб санкцыі зьнялі.
Дзеля людзей варта паспрабаваць. Бо інтарэсы беларусаў для мяне важнейшыя, чым камусьці штосьці даказаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «дзяўбці» ў 2020 годзе — да «вяртаньня да нармальнасці» сёньня: Кныровіч і Мажэйка за і супраць тэзы КалесьнікавайМарыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава — былая палітзьняволеная, палітык, музыка, якая стала адным з галоўных сымбаляў мірных пратэстаў 2020 году.
Марыя была кіраўніцай перадвыбарчага штабу прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Калі яго не зарэгістравалі і затрымалі, яна разам з камандамі Сьвятланы Ціханоўскай і Веранікі Цапкалы аб’ядналася. Калі ў краіне пачаліся масавыя мірныя пратэсты, Марыя засталася ў Беларусі і стала адным з найбольш бачных лідэраў гэтага руху.
У верасьні 2020 году яе затрымалі сілавікі. Марыя адмовілася пакінуць краіну, разарвала свой пашпарт. Пазьней суд прыгаварыў яе да 11 гадоў турмы. Праваабарончыя арганізацыі і міжнародныя палітыкі шмат разоў заклікалі да яе вызваленьня, адзначалі цяжкія ўмовы ўтрыманьня, абмежаваны кантакт зь сям’ёй і сур’ёзныя праблемы з здароўем.
13 сьнежня 2025 году пасьля больш як 5 гадоў зьняволеньня Марыя Калесьнікава была вызвалена разам зь іншымі палітычнымі зьняволенымі і вывезена з Беларусі ва Ўкраіну. З 19 сьнежня жыве ў Нямеччыне.