Як паведамляе «Настоящее время», рэгіянальны шпіталь у Дзьвінску (Даўгаўпілсе) ў Латвіі звольніў 49 супрацоўнікаў з грамадзянствам Расеі і Беларусі.
Агенцтва LETA піша, што спыненьне працоўных адносін з расейцамі і беларусамі ў шпіталі растлумачылі патрабаваньнямі закону аб нацыянальнай бясьпецы, які забараняе грамадзянам гэтых краін валодаць і кіраваць аб’ектамі крытычнай інфраструктуры, займаць пасады ў структурах кіраваньня такіх абʼектаў, а таксама працаўладкоўвацца або аказваць паслугі. Выключэньне могуць зрабіць пры атрыманьні спэцыяльнага дазволу ад латвійскага органу дзяржаўнай бясьпекі.
Сярод звольненых быў сярэдні і малодшы мэдычны пэрсанал — 29 работнікаў, з іх 11 пэнсійнага ўзросту. Астатнія 20 — работнікі гаспадарчай службы.
«Шпіталь дзейнічае згодна зь дзейнымі нарматыўнымі актамі і ў цеснай супрацы з адказнымі дзяржаўнымі структурамі. Адначасова прымаюцца неабходныя меры для бесьперабойнага аказаньня мэдычнай дапамогі пацыентам і забесьпячэньня стабільнай працы ўстановы», — заявіла агенцтву прадстаўніца лякарні Юлія Касецка.
У Міністэрстве здароўя Латвіі на пытаньне, ці могуць і ў іншых лякарнях адбыцца аналягічныя звальненьні, паведамілі, што «патрабаваньні закону аднолькавыя для ўсіх».
У гэтым рэгіянальным шпіталі працуюць каля 1700 чалавек. У шпіталі паведамілі, што для ўкамплектаваньня штату плянуецца абʼявіць набор супрацоўнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прарасейскага актывіста, які заклікаў да расейскага ўварваньня ў Латвію, асудзілі на 10 гадоў турмы