Тэлефонныя махляры пераключыліся на дзяцей, пагражаюць ператрусам і арыштам бацькоў

Ілюстрацыйнае фота

Сілавыя органы Беларусі паведамляюць пра новыя спосабы дзейнасьці тэлефонных махляроў, якія выманьваюць у людзей грошы.

Як паведаміў Сьледчы камітэт Беларусі, тэлефонныя махляры цяпер выманьваюць грошы ў сем’яў, пагражаючы вобшукамі і арыштамі, у тым ліку яны пераключыліся на дзяцей.

Паводле СК, з пачатку 2026 году толькі ў Менску завялі 19 крымінальных спраў, дзе зламысьнікі дзейнічаюць па адной і той жа схеме — пагражаючы ператрусамі і арыштамі, пад рознымі падставамі выманьвалі ў людзей ашчаджаньні. У схеме зьявіўся новы складнік — сярод 19 выпадкаў зафіксавана 3, у якіх ахвярай сталі дзеці. Ім пагражалі вобшукамі і арыштамі бацькоў.

У прыватнасьці, у міліцыю са скаргай зьвярнуўся жыхар Менска.

«Як удалося выявіць падчас сьледзтва, напярэдадні яго 11-гадоваму сыну ў мэсэнджары паступіў званок ад невядомай. Зламысьніца прадставілася супрацоўніцай праваахоўных органаў і паведаміла, што зьвесткамі яго сям’і завалодалі ашуканцы. У бліжэйшы час у іх правядуць ператрус і ў выпадку выяўленьня грошай бацькоў арыштуюць. Напалоханае дзіця, жадаючы абараніць родных, употай сабрала ашчаджэнні і, выконваючы інструкцыю, паклала іх ва ўказаную ашуканцамі «схованку», — паведамляе СК.

Раней беларуская міліцыя паведамляла пра аналягічныя здарэньні з удзелам дарослых.

6 сьнежня 69-гадовая жыхарка Менску пад пагрозай крымінальнага перасьледу, як паведаміў тэлеграм-канал менскай міліцыі, аддала махлярам больш за 100 тысяч рублёў.

5 сьнежня тэлеграм-канал менскай міліцыі расказаў пра пэнсіянэрку, якая пад пагрозай ператрусу «аддала афэрыстам больш за 10 тысяч рублёў, каб унікнуць вобшуку ў кватэры і ня стаць фігуранткай крымінальнае справы».

Пра ператрусы і крымінальны перасьлед у Беларусі паведамляюць амаль штодня, яны актыўна выкарыстоўваюцца для масавых палітычных рэпрэсіяў супраць апанэнтаў уладаў, якія ўзмацніліся з 2020 году, калі дзясяткі тысяч людзей трапілі пад арышты або мусілі эміграваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менскім палацы дзяцей і моладзі для прафіляктыкі злачынстваў абсталявалі турэмную камэру
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Махляры знайшлі яшчэ адзін спосаб выманьваць грошы ў беларусаў, прапануюць дапамогу ў атрыманьні візаў