Сьцісла
- Віктар Бабарыка асудзіў Расею за агрэсію супраць Украіны і падтрымку рэжыму Лукашэнкі.
- Досьвед палітычнай дзейнасьці Бабарыкі ў 2020 годзе быў кароткі — крыху больш за месяц.
- З заявы вынікае, што ён прэтэндуе на тое, каб стаць палітычным адлюстраваньнем патрэбаў ня моцна палітызаваных беларусаў.
1 сьнежня Віктар Бабарыка выступіў з выразнай палітычнай заявай. Допіс зьявіўся ў ягоным Фэйсбуку на расейскай і беларускай мовах. Галоўны сэнс гэтага пасланьня палягае ў тым, што былы прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду аб’яўляе: я вяртаюся ў палітыку.
Гэта важна канстатаваць. Бо першыя ягоныя заявы пасьля вызваленьня былі, скажам так, ня вельмі выразныя. Ён ухіляўся ад адказаў на вострыя палітычныя пытаньні. І з улікам таго, што ягоны сын Эдуард знаходзіцца за кратамі ў якасьці закладніка, а таксама зважаючы на ўзрост і стан здароў’я, якое ў вязьніцы не палепшылася, можна было думаць пра сыход чалавека ў прыватнае жыцьцё ці, напрыклад, у бізнэс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка пра ролю Расеі ў 2020-м: «Бяз процівагі ўсходняму суседу практычна немагчымыя зьмены ў Беларусі»Да таго ж, досьвед палітычнай дзейнасьці ў яго быў кароткі. 12 траўня 2020 года ён абвясьціў, што высоўвае сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах, а 18 чэрвеня Віктара Бабарыку затрымалі. Трошкі больш за месяц публічнага пазыцыянаваньня ў якасьці палітыка.
Дарэчы (цяпер пра гэта мала згадваецца), тады ў 2020 годзе яму давалі шанец зьехаць за мяжу і застацца на волі. Паміж пагромам Белгазпрамбанку (11 чэрвеня), якім раней кіраваў Бабарыка, і ягоным затрыманьнем (18 чэрвеня) прайшоў тыдзень. Яго фактычна выштурхоўвалі за мяжу. Другі прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду Валер Цапкала скарыстаўся шанцам і зьехаў. Бабарыка застаўся.
Другі момант. Бабарыка вяртаецца ў мэйнстрымную апазыцыйную палітыку.
Ён піша: «Разьвязваньне Расеяй вайны, ад якой сёньня пакутуе ўкраінскі народ, а наша краіна апынулася саўдзельніцай агрэсара… Без процівагі „ўсходняму суседу“ практычна немагчыма забясьпечыць дасягненьне гэтых зьмен (дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі. — РС). Гэта яскрава паказаў 2020 год, калі мы былі вельмі блізкія да магчымасьці рэалізаваць нашу праграму перамен, але менавіта дзеяньні Расіі сталі галоўным „аргумэнтам“ у барацьбе рэжыму тады і з’яўляюцца яго апорай сёньня».
Гэты тэзіс важны, зважаючы і на няўцямную пазыцыю Бабарыкі адносна вайны ва Ўкраіне, агучаную ў першыя дні пасьля вызваленьня, і на абвінавачваньні ў прарасейскасьці, якія працягваюць гучаць у сацыяльных сетках. Знаходзячыся ў эміграцыі на тэрыторыі Эўразьвязу і маючы палітычныя пляны, уласна ніякай іншай пазыцыі Бабарыка заняць і не мог. Разьлік на тое, каб вярнуцца ў 2020 год і ўнікнуць геапалітычнага выбару, цяпер, выглядае, быў прызнаны немэтазгодным.
Разьлік на тое, каб вярнуцца ў 2020 год і ўнікнуць геапалітычнага выбару, цяпер, выглядае, быў прызнаны немэтазгодным
Хоць спробы так ці інакш змадэляваць сытуацыю 2020 году каманда Віктара Бабарыкі будзе рабіць. «Беларусы апынуліся фізычна падзеленымі на тых, хто ўнутры краіны, і тых, хто па-за ёй, — піша ў праграмным звароце ўдзельнік выбарчай кампаніі 2020 году і былы палітвязень. — Ствараецца ўражаньне, што гэтыя дзьве групы маюць розныя болі і інтарэсы і што яны не чуюць і не разумеюць адна адну».
І вось як раз Бабарыка намякае, што прэтэндуе на тое, каб прымірыць гэтыя «розныя болі і інтарэсы», неяк інтэграваць іх, стаць палітычным адлюстраваньнем патрэбаў ня моцна палітызаваных «беларусаў, якія не прымаюць „аптымізм“ існага рэжыму».
Тут каманда палітыка аказалася ў сытуацыі расейскай апазыцыі ў эміграцыі. Перад імі паўстаў выбар: (1) калі плянаваць вяртаньне ў публічную палітыку «пасьля Пуціна», то варта не псаваць свой вобраз у вачах большасьці электарату РФ, займаць умераную пазыцыю; (2) ці, зыходзячы з таго, што бліжэйшым часам удзел у выбарах ім «ня сьвеціць», махнуць рукой на электарат і займаць жорсткую праэўрапейскую, праўкраінскую пазыцыю.
Як захаваць сваю электаральную базу (а яна ў 2020 годзе была вялікая ў тым ліку і з прычыны ўхіленьня ад геапалітычнага выбару), знаходзячыся ў выгнаньні ў Эўропе? Здаецца, задача амаль невырашальная. Але чаму б не паспрабаваць? Менавіта таму ў заяве Бабарыкі шмат філязофіі і абстрактных разважаньняў, што не характэрна для чалавека, які прэтэндуе на статус рэальнага палітыка.
Каманда палітыка аказалася ў сытуацыі расейскай апазыцыі ў эміграцыі
Бабарыка канстатуе: «На сёньняшні дзень у мяне няма дакладнага пляну дзеяньняў — ні сваіх, ні вашых, але я пачынаю рух у напрамку яго фармаваньня». Падаецца, такое прызнаньне — лепш, чым выступаць з пасьпешнымі заявамі, а потым карэктаваць іх, як рабіў Сяргей Ціханоўскі.
У любым выпадку Віктару Дзьмітрыевічу ў немаладым узросьце давядзецца асвойваць новую прафэсію — станавіцца публічным палітыкам, шукаць сваё месца ў асяродку беларускай апазыцыі, вяртаць сабе статус «цяжкавагавіка».