Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабарыка пра ролю Расеі ў 2020-м: «Бяз процівагі ўсходняму суседу практычна немагчымыя зьмены ў Беларусі»

Віктар Бабарыка на сустрэчы зь міністрам замежных спраў Нямеччыны пасьля прыезду ў Бэрлін
Віктар Бабарыка на сустрэчы зь міністрам замежных спраў Нямеччыны пасьля прыезду ў Бэрлін

Палітык, які пасьля вызваленьня зь беларускай турмы пасяліўся ў Нямеччыне, падзяліўся пэўнымі думкамі адносна будучыні Беларусі і ролі ў гэтым Эўропы.

Віктар Бабарыка, ацэньваючы сучасную палітыку ў сьвеце, адзначыў, што часьцяком усё вырашае права сілы. Як прыклад ён падаў разьвязаную Расеяй вайну, «ад якой цяпер цярпіць украінскі народ, і наша краіна стала саўдзельніцай агрэсара».

Ён панаракаў, што беларусы ўнутры краіны і па-за ёй апынуліся ў разломе і часта ня чуюць, не разумеюць адно аднаго.

Акрамя таго, ён адзначыў, што ў рэжыму Лукашэнкі застаецца апірышча ў выглядзе Масквы.

«Няма адзінай думкі Эўропы ў адносінах Беларусі і яе магчымасьцяў падтрымаць рух да ажыцьцяўленьня патрэбных зьменаў. А бяз процівагі „ўсходняму суседу“ практычна немагчыма забясьпечыць дасягненьне гэтых зьменаў. Гэта яскрава паказаў 2020 год, калі мы былі вельмі блізкія да магчымасьці ўвасобіць нашу праграму пераменаў, але менавіта дзеяньні Расеі сталіся самым галоўным „аргумэнтам“ у барацьбе рэжыму тады і застаюцца ягоным апірышчам сёньня».

Таксама, на думку Бабарыкі, існуе дакладна акрэсьленая мэта рэжыму — «захаваньне ўласнае ўлады і тае перакручанае „стабільнасьці“, якая дазваляе рабіць усё, што забясьпечвае дасягненьня гэтае мэты.

„У гэтым рэжыму вельмі моцна дапамагае „ўсходні хаўрусьнік“, які дае ўсе магчымыя сродкі — эканамічныя, палітычныя, вайсковыя, сілавыя і г. д.»

У канцы свайго допісу Бабарыка адзначыў, што пакуль ня мае дакладнага пляну дзеяньняў, але ўжо рухаецца ў бок яго стварэньня.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG