На гэтыя пытаньні ў праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» адказвае журналістка, сябра аргкамітэту партыі «Разам» Яўгенія Сугак.
0:00 Якая сапраўдная пазыцыя Бабарыкі наконт вайны?
8:29 У якую палітыку пойдзе Бабарыка?
12:15 Ці мае рацыю Лукашэнка, разьлічваючы на звады паміж Бабарыкам і Ціханоўскай?
28:00 Ці прывядзе вызваленьне палітвязьняў да адлігі?
— Сёньня ў Вільні прайшла прэсавая канфэрэнцыя вызваленых палітвязьняў. У сваю чаргу Віктар Бабарыка і Марыя Калесьнікава адклалі заплянаваную на заўтра прэсавую канфэрэнцыю ў Нямеччыне, перанесьлі яе на наступны год. Але ва Ўкраіне, пасьля вызваленьня, яны прэсавую канфэрэнцыю правялі, Бабарыка даў некалькі інтэрвію. Заявы, якія прагучалі на гэтай прэсавай канфэрэнцыі і ў інтэрвію, пазыцыя Віктар і Марыі наконт вайны выклікалі гарачую дыскусію і моцную крытыку. У той жа час падчас размовы вызваленых палітвязьняў з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім Бабарыка выказаўся інакш, чым на прэсавай канфэрэнцыі і ў інтэрвію. Ён сказаў: «Некаторая няпэўнасьць, якая прысутнічае ў нашых выказваньнях, — назавем гэта посттурэмны шок. Паверце, усе мы адзіныя ў ацэнцы гэтых падзеяў. Вы пакутуеце, вы церпіце ад агрэсіі і вы цалкам маеце рацыю: свабода і людзі, якія аддалі свае жыцьці за гэтую свабоду, яны павінны перамагчы. І яна пераможа». Як вы мяркуеце, гэта сапраўдная пазыцыя Бабарыкі ці ўсё ж сказанае на прэсавай канфэрэнцыі і ў інтэрвію Золкіну?
— Маё меркаваньне, што нам трэба адназначна верыць таму, што ён сказаў Уладзіміру Зяленскаму. Гэта было сказана пазьней, чым адбылася прэсавая канфэрэнцыя. Першая прэсавая канфэрэнцыя адбылася ледзь не ў першыя гадзіны пасьля вызваленьня. Размова з Зяленскім адбылася праз содні, калі Бабарыка ўжо змог штосьці ў сваёй галаве ўкласьці і абдумаць. Наколькі мы бачылі, Зяленскі таксама верыў таму, што яму сказаў Бабарыка. Вялікая частка беларусаў пачала цкаваць Бабарыку і Калесьнікаву, не ўсьведамляючы, праз што ім давялося прайсьці. Як вы адзначылі, іх прэсавая канфэрэнцыя ў Бэрліне сапраўды была адмененая, што можа быць намёкам на тое, што іх першая прэсавая канфэрэнцыя была праведзеная не зусім так і не зусім у тых умовах, у якіх яны хацелі і да якіх былі гатовыя. Калі ў іх зьявілася магчымасьць выбіраць ці праводзіць прэсавую канфэрэнцыю зараз, ці не праводзіць, яны выбралі не праводзіць. Я думаю, што калі б яны мелі гэты выбар у першыя содні, яны зрабілі б такі ж выбар.
— Ці ведаеце вы, якая рэакцыя Бабарыкі на крытыку, якая прагучала на яго адрас? Ён засмучаны ёй? Ці ён разьлічвае на іншых беларусаў, на іншую Беларусь?
— Я магу дакладна сказаць, што Бабарыка не разьлічвае ні на якую іншую Беларусь, што ён разьлічвае на ўсіх беларусаў. Гэты яго погляд, які мы бачылі ў 2020 годзе, што гэты погляд вялікага гуманітарыя, чалавекалюбца, беларусалюбца, вельмі чалавечны і шчыры погляд. Ён у яго застаўся. І для Бабарыкі ўсе беларусы — свае, і тыя беларусы, якія за мяжой, і тыя беларусы, якія знаходзяцца ўнутры Беларусі. Ён разьлічвае на іх усіх. А да крытыкі ён ставіцца са стаіцызмам.
— Вы — сябра аргкамітэту партыі «Разам», якую Бабарыка зьбіраўся стварыць яшчэ ў 2020 годзе. Ці ёсьць у яго цяпер пляны ўсё ж такі стварыць партыю, займацца палітыкай? Ці ён сыйдзе ў прыватнае жыцьцё ці зоймецца праваабарончай дзейнасьцю?
— Па маіх назіраньняў усе людзі, якія бралі актыўны ўдзел у падзеях 2020 году, усе лідэры, усе ўдзельнікі, працягваюць займацца нечым падобным. Гэта тычыцца, напрыклад, і Сяргея Ціханоўскага. Таму я мяркую, што і Бабарыка будзе ў грамадзкай дзейнасьці. За кратамі застаюцца больш за тысячу чалавек, насамрэч нашмат больш за тысячу. Віктар будзе спрыяць іх вызваленьню, у тым ліку і свайго сына. Калі мы ў 2021 годзе сапраўды спрабавалі стварыць партыю «Разам», тады ў Беларусі гэтым яшчэ можна было займацца, у нас было 7000 заявак на ўступленьне ў гэтую партыю. Бабарыка зараз разважае наконт сваёй будучыні, Яшчэ тыдзень таму ён быў у рэжыме інкамунікада, Яму трэба час, каб прачытаць навіны, разабрацца і падумаць аб жыцьці, прывесьці ў парадак здароўе. Што да партыяў, то зараз няма ўмоваў для іх дзеяньняў у Беларусі, і гэта праект варта адкласьці на потым, калі ў Беларусі адбудуцца належныя зьмены.
— У палітычнай эміграцыі створаныя інстытуты палітычнага прадстаўніцтва — офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт, Каардынацыйная рада. У гэтых структурах ці паміж імі — ці ёсьць месца Бабарыку? Ці магчымае паразуменьне паміж ім і Ціханоўскай? Ціханоўская ўжо паразмаўляла па тэлефоне з Марыяй Калесьнікавай.
— Мяркую, што паразуменьне ўжо знойдзенае, прынамсі, крокі да яго зробленыя. І Марыя, і Віктар вельмі станоўча ўспрынялі тэлефанаваньне ад Сьвятланы. Я думаю, што ў Марыі і Віктара будуць добрыя адносіны з офісам Ціханоўскай. Што да афіцыйнага месца ў існых структурах — а навошта яно Бабарыку ці Калесьнікавай? Я тут ня бачу падставаў для канфліктаў і дзяльбы.
***
Разам з гасьцямі Юры Дракахруст спрабуе зразумець сэнсы таго, што адбываецца ў беларускай і сусьветнай палітыцы, прааналізаваць тэндэнцыі, якія хаваюцца за інфармацыйным шумам, заглянуць у невядомую будучыню.
Форум