Сельская гаспадарка Беларусі ў 2025 годзе паказала мінімальны рост, а ў жывёлагадоўлі — спад

Каровы на пашы ў Беларусі. Архіўнае фота

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў Беларусі летась зьнізілася на 3%. Яшчэ горшыя паказьнікі на ўсходзе краіны.

Як паведамляе Белстат аб выніках працы сельскай гаспадаркі за 2025 год, прырост вытворчасьці ў сельскай гаспадарцы за год склаў 0,2%.

Пры гэтым у Віцебскай вобласьці вытворчасьць сельскай гаспадаркі зьнізілася на 2,7%, у Менскай — на 2,4%, у Горадзенскай — на 1,7%.

Нягледзячы на дэфіцыт бульбы і гародніны мінулай зімой і вясной, на гэты сэзон яе не ўдалося нарыхтаваць болей, чым летась. Валавы збор бульбы ў гаспадарках усіх катэгорыяў у 2025 годзе быў на 2% меншы, чым у 2024-м, а гародніны — на 2,5%.

Спад назіраецца і ў жывёлагадоўлі. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў 2025 годзе зьнізілася на 3%, у тым ліку кароў — на 2%, а сьвіней — на 1,6%.

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў Віцебскай вобласьці зьнізілася яшчэ больш — на 10,3%, у Гомельскай — на 5%, у Магілёўскай — на 1,4%.

На паморак жывёлы наракаў і Аляксандар Лукашэнка. На нарадзе ў Віцебску 24 кастрычніка 2025 ён крытыкаваў мясцовых кіраўнікоў.

«Мы аналізуем сытуацыю ў вобласьці. Яна сумная. Яна горшая, чым дзе-небудзь, нават у тых пытаньнях, якія для нас непрымальныя, як падзеж жывёлы. У вас рост 140% да ўзроўню мінулага году. Гэта для мяне непрымальна», — заявіў Лукашэнка.

«Віцебшчына проста патанула ў масе пустых абяцанак, не пацьверджаных справай», — заявіў тады Лукашэнка.

Ён сказаў пра істотную бюджэтную падтрымку вобласьці і нэгатыўны вынік — за 9 месяцаў 2025-га сельскагаспадарчая вытворчасьць там склала 98,1%, прычым расьлінаводзтва — 80% ў параўнаньні з папярэднім годам. Паморак жывёлы на Віцебшчыне летась вырас на 40 працэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіўся ўказ аб разьвіцьці мясной галіны Беларусі — ізноў за кошт бюджэту
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страх пратэстаў: як Лукашэнка спрабуе ўтрымаць эканоміку. Тлумачыць Лойка